Арцемій Троіцкі: “Ляпіс Трубяцкі” апранаецца больш стылёва, чым Элтан Джон"

Культавы музычны крытык і рок-тусоўшчык распавёў слухачам пра сувязь музыкі і моды з часоў “стыляг”, пра густ сучасных зорак і пра сябе самога. Ён ненавідзіць камуфляж і стыль Элтана Джона, хвалюецца, калі ідзе побач з Агузаравай, і сімпатызуе “Ляпісу Трубяцкому”. На фестывалі альтэрнатыўнай культуры “Мамант” Троіцкі быў апрануты “па панку”, бо хацеў выглядаць прыстойна. Вузкі чорны гальштук, вузкія штаны, кашуля – такім ён з’явіўся на дабрачынным балі. А лекцыю “Музыка і мода” чытаў у блакітных джынсах, чырвоным світары ды чорных замшавых туфлях. Звычайная вопратка, якую, здаецца, можна набыць на рынку.

Гаворка ўвесь час ішла пра адзенне, і Троіцкі распавёў, дзе і як ён набывае сабе рэчы.

Арцемій Троіцкі: “Я практычна нічога не набываю ў Маскве, і вам не раю. Проста таму, што ў Маскве ўсё нашмат даражэй, чым дзе б там ні было. Хоць выбар “шмацця” ў Маскве даволі неблагі, напэўна. Большую частку рэчаў я набываю або ў Англіі, або ў Амерыцы. У Англіі, бо я там часта бываю, а ў Амерыцы, бо там найтаннейшая вопратка. Напрыклад, тыя ж джынсы. Тыя, якія каштуюць у нас 150-200 долараў, там можна спакойна набыць за 50-70. А ў якіх крамах? Як патрапіцца…”

Арцемій Троіцкі назваў гурты і выканаўцаў, якія, на яго думку, апранаюцца стылёва і “правільна”. Сярод іх, дарэчы, ёсць і беларусы.

Арцемій Троіцкі: “Па-мойму, вельмі стылёва апранаецца гурт “Ляпіс Трубяцкі”. На мой погляд, стылёва — гэта не значыць “прыгожа”, гэта значыць — адэкватна вобразу. Вось калі яны выходзяць з малінавымі каўнярамі па-над вузкімі пінжачкамі ці ў нейкіх камбінезонах — я лічу, што гэта вельмі адпавядае іх вобразу. З рускіх мне вельмі падабаецца Ілля Лагуценка — ён вельмі стылёвы хлопец. Сяргей Мазаеў з “Маральнага кодэксу”. Вельмі добры густ, я лічу, у Наталлі Вятліцкай. І, дарэчы, у вашай Свірыдавай. Жанна Агузарава — вельмі стылёвая дзяўчына. Яна сама прыдумала свой стыль, яна ў ім існуе. Мы з ёй час ад часу выходзім “у свет” разам, я сябе некалькі разоў лавіў на думцы, што… рррр… дрэнна яна мяне “адцяняе”…”

Для самога ж Арцемія эталон стылю і эталон безгустоўшчыны — заходнія выканаўцы.

Арцемій Троіцкі: “Я лічу, агідны стыль у Элтана Джона. Вось хто мяне заўсёды раздражняў… І акулярамі сваімі, і касцюмамі сваімі клоўнскімі і г.д. Абсалютны ўзор стылю, заўсёды і ва ўсе часы — гэта Дэвід Боўі. Лепш за яго, больш стылёвага чалавека не было ніколі, я лічу”.

Лекцыя Троіцкага не прэтэндавала на аб’ектыўнасць. На пытанне, чаму ён распавядае слухачам пра моду, ён адказаў: “Я лічуся спецыялістам у галіне музыкі, а гэта фестываль моды. І таму мая лекцыя знаходзіцца на перакрыжаванні гэтых ліній”. Сам крытык прызнаўся, што пра моду ні з кім больш не размаўляе.

Арцемій Троіцкі: “Не, я ўвогуле ў галіне моды ні з кім не маю зносінаў, акрамя вас”.

Таму Троіцкі быў рэзкім у ацэнках і ахвотна распавядаў пра сябе. Напрыклад, на пытанне, чаму ён не распавёў пра тое, як увайшоў у моду камуфляж, ён адказаў, што не любіць вайну.

Арцемій Троіцкі: “Я пацыфіст. Я “касіў” ад войска, я ненавіджу ўсю “ваеншчыну. Я лічу, што войска не мусіць быць, у горшым выпадку няхай застануцца памежнікі. Стыль “камуфляж” асабіста ў мяне выклікае проста канкрэтную алергію. З якой музыкі ён прыйшоў? Хіп-хоп, хард-кор. Я быў у інстытуце нават выключаны з ваеннай кафедры, бо адмаўляўся стрыгчыся і падпарадкоўвацца ваеннай дысцыпліне. Потым “адкасіў” ад войска, бо дакладна ведаў, што калі пайду туды, то адтуль жывым не выйду з маім характарам і маімі поглядамі. Але, дзякуй богу, знайшлася добрая лекарка”.

Сябе Троіцкі лічыць стылёвым чалавекам. І кажа, што з гэтым нараджаюцца.

Арцемій Троіцкі: “Я ўвогуле не чытаю модныя часопісы. Нават калі я пяць гадоў рэдагаваў часопіс “Плэйбой”, то адзінай секцыяй часопіса, куды я практычна ніколі не залазіў,цураўся яе, як чумнога барака, была “мужчынская мода”. Пра гэта я нічога не ведаю і ведаць не хачу”.

Арцемій Троіцкі — аўтар легендарных кніг “Рок у Саюзе: 60-я, 70-я, 80-я…”, “Назад у СССР”, “Тусоўка. Што здарылася з савецкім андэграўндам”. На лекцыі ён быў у зусім іншым амплуа. Пытанні задавалі не мастацтвазнаўцы і рок-журналісту, а культавай асобе, якая ведае “зорак”.

Можа, таму што цяпер новых кніг Троіцкі не піша. Выйшаў, праўда, канспект яго лекцый па музычнай журналістыцы на журфаку МДУ, які называецца “Я ўвяду вас у свет ПОП”. Як распавёў сам крытык, яго студэнты запісвалі на дыктафон лекцыі, а потым прынеслі яму раздрукоўкі, сказаўшы, што гэта вельмі весела. І выйшла такая кніга. Цяпер Троіцкі таксама рыхтуе кнігу, але яе змест — яго старыя артыкулы.

Арцемій Троіцкі: “Апошнім часам я займаюся “другаснай сыравінай”. “Падбіваю бабкі” на ўсялякую старызну. Некалькі месяцаў таму выйшла кніга “Back in the USSR” — гэта перавыданне кнігі, якую я напісаў 20 гадоў таму. Выйшла, мае вялікі поспех. А цяпер, нават тут, у Мінску, калі вольная хвіліна, я рэдагую кнігу, якая будзе называцца, хутчэй за ўсё, “Шкілеты ў шафе”. Гэта мае юнацкія артыкулы 70-80-х гадоў у часопісах кшталту “Ровесник”, “Музыкальная жизнь” і г.д. Кніга выйдзе ў пачатку наступнага году”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі