Арамнаў верне прэзідэнцкую стыпендыю, калі стане чэмпіёнам свету

Дыскваліфікаваны ўмоўна на 2 гады беларускі алімпіец у хуткім часе можа зняць з сябе пакаранне
Андрэй Арамнаў двойчы за апошнія месяцы быў затрыманы ДАІ за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане — з-за чаго быў умоўна дыскваліфікаваны на 2 гады і пазбаўлены прэзідэнцкай стыпендыі.

Разам са спартоўцам атрымаў пакаранне і ягоны трэнер Максім Саладар. Яму таксама спыненыя выплаты па прэзідэнцкай стыпендыі, якую ён атрымоўваў пасля перамогі свайго выхаванца на Алімпійскіх гульнях у Пекіне. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па цяжкай атлетыцы Аляксандр Ганчароў лічыць гэта несправядлівым, бо Арамнаў паўналетні і павінен несці адказнасць самастойна.

Аляксандр Ганчароў: "Трэнер пакараны разам з Арамнавым. Расцэньваецца так, што трэнер не змог, не забяспечыў, не дагледзеў — такім чынам яны пакараныя ў тандэме. Але па вялікім рахунку спартовец паўналетні, за ўсе свае ўчынкі ён павінен адказваць сам. Таму пазбавіць стыпендыі трэнера я лічу не зусім правільным, мякка кажучы".

Ганчароў суму стыпендыі не называе, але кажа, што грошы вельмі немалыя нават для чалавека, які займаецца бізнэсам. Паводле інфармацыі агенцтва "Інтэрфакс", Арамнаў атрымліваў больш за 15 мільёнаў рублёў кожны месяц.

Пакаранне носіць часовы характар і не выключана, што ўжо ўвосень Арамнаў зможа вярнуць грошы сабе і свайму трэнеру, кажа Аляксандр Ганчароў.

"У лістападзе будзе чэмпіянат свету ў Паўднёвай Карэі, дзе Арамнаў павінен стаць чэмпіёнам і пацвердзіць свой узровень. Пасля гэтага і яго трэнеру вернуць прэзідэнцкую стыпендыю".

Але ўсё роўна яму трэба паводзіць сябе вельмі акуратна. Бо парушэнне спартовага рэжыму — п'янства, дэбош, трапленне ў міліцыю і іншыя факты, якія цягнуць за сабой адміністратыўную ды крымінальную адказнасць — недапушчальны для беларускага спартоўца.

А калі Андрэй Арамнаў зноў парушыць рэжым, ці могуць у яго адабраць кватэру, якую ён атрымаў за перамогу на Алімпіядзе? — спыталі мы ў Андрэя Ганчарова.

"За алімпійскае золата варта ўзнагароджваць кватэрай ў Мінску. Ён яе заслужыў. Ніхто ўжо яе забіраць не будзе".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі