Апальны святар вярнуў права весці царкоўныя службы замест ЖЖ

Айцец Аляксандр Шрамко, якому мітрапаліт Філарэт забараніў святарства з-за актыўнай інтэрнэт-дзейнасці, пакаяўся і вярнуўся ва ўлонне царквы Каб вярнуцца да службы, трэба было публічна прызнаць свае памылкі, кажа Аляксандр Шрамко:

"Каб аднавіцца ў кліры, трэба было публічна пакаяцца. Пакаянне адбылося 2 сакавіка — у першы дзень Вялікага паста. А ўжо 7 марта я атрымаў наканаванне у царкву Святога архістратэга Міхаіла ў мінскім раёне Сухарава."

Забарону на службы і выключэнне са штату праваслаўнай царквы айцец Аляксандр атрымаў амаль два гады таму — у траўні 2007 года, пасля ўдзелу у прэс-канферэнцыі пратэстанцкай царквы "Новае жыццё". На канферэнцыі пачаўся збор подпісаў за змяненне закона "Аб свабодзе сумлення". Кіраўніцтва праваслаўнай царквы не задаволіла тое, што праваслаўны святар падтрымлівае пратэстантаў ды ідзе супраць дзяржавы. Да таго ж у 2006 годзе царкоўны суд ужо выносіў папярэджанне Аляксандру Шрамко — за публікацыю кнігі "Дзённік святара", якая складалася з яго артыкулаў, апублікаваных у інтэрнэце і Жывым Журнале святара. У кнізе выказваўся шэраг думак, якія супярэчылі афіцыйнай пазіцыі царквы, кажа айцец Аляксандр.

"У праваслаўнай царкве вельмі складана. І складанасць у тым, што калі святар выказвае свае меркаванні, то людзі думаюць, што гэта меркаванне царквы".

Чым адрозніваліся меркаванні айца Аляксандра ад агульнацаркоўных, ён цяпер не кажа. Гаворыць, даў слова стрымлівацца. Але калі зазірнуць у стэнаграму публічнага пакаяння, то мы ўбачым, што ён прызнаў сябе вінаватым у злачынстве супраць іерэйскай прысягі, асуджэнню святога пачатку Расійскай Праваслаўнай Царквы, крытыцы афіцыйных дакументаў РПЦ і іншай дэструктыўнай дзейнасці супраць Маці-Царквы.

Мы спыталі у айца Аляксандра — ці не можа быць так, што забарона на яго святарства магла мець палітычную падаплёку. Мабыць, ён прытрымліваўся апазіцыйных поглядаў? І ён адказаў нам:

"Калі я выступаў супраць закона "Аб свабодзе сумлення", то гэта, відаць, у чымсьці апазіцыйна. Я рабіў палітычныя заявы, але ў вузкім коле. У ЖЖ я гэта не публікаваў. Можа гэта і паўплывала на маю забарону, але гэта наўрад ці самае галоўнае".

Чытачам ЖЖ айца Аляксандра не трэба чакаць ад яго пастоў у хуткім часе. Пакуль што ён не збіраецца парушаць слова, якое даў ля алтара.

Аляксандр Шрамко: "Я даў слова стрымлівацца ад выказванняў у ЖЖ… Пакуль што."

Наколькі хопіць яго цярпення — пакажа час.

На фота Аляксандр Шрамко з мітрапалітам Філарэтам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі