“Анулявалі сертыфікат, бо праводзіла экскурсію па Хатыні без акрэдытацыі”

Экскурсаводам могуць забараніць вадзіць экскурсіі “не па сваіх тэмах”, агучваюць плануемыя змены ў Міністэрстве спорту і турызму:

“Напрыклад, здаў ты “Гомель — горад герой” і можаш праводзіць толькі гэтую экскурсію. Бо цяпер экскурсаводы абараняюць адну экскурсію, а водзяць па 20 тэмах. Тэмы экскурсій нават будуць фіксавацца — на бэджы. Але гэта пакуль праект, які ўзгадняецца”.

Калі праект прымуць, будучым экскурсаводам давядзецца абавязкова вывучыцца на курсах. Цяпер сертыфікат можна атрымаць і без курсаў: здаць іспыты экстэрнам, калі маеш профільную адукацыю.

Правілы вырашылі змяніць, бо былі скаргі на экскурсаводаў, паясняюць Еўрарадыё ў Нацыянальным агенцтве па турызме, якое займаецца атэстацыяй. Але прыгадваюць толькі адну такую скаргу.

“Нядаўна паступіла скарга на аднаго экскурсавода і мы анулявалі ёй сертыфікат, бо яна праводзіла экскурсію па Хатыні без акрэдытацыі”, — прыгадваюць у агенцтве.

Новыя правілы ў агенцтве называюць “нармальнай еўрапейскай практыкай”

“Не будзе ніякай цэнзуры, калі экскурсавод прыходзіць на атэстацыю, ён можа падрыхтаваць любую экскурсію. Экскурсавод прыносіць свой тэкст і расказвае экскурсію камісіі і яго атэстуюць, калі там няма заўваг. Тэмы, па якіх можна атэстоўвацца таксама не абмежаваныя. Гэта нармальная практыка, у Еўропе ў людзей сур’ёзныя іспыты, каб стаць экскурсаводам”, — дадаюць у Нацыянальным агенцтве па турызме.

Як высвятляе Еўрарадыё, у еўрапейскай Польшчы іспытаў на экскурсавода наогул няма — экскурсіі можа вадзіць любы.

У 2013 годзе адбыліся змены. Цяпер любы жадаючы можа праводзіць любыя экскурсіі. Няма органаў, якія б кантралявалі змест экскурсій і падрыхтоўку. Раней была ліцэнзія, там трэба было здаваць досыць складаны іспыт. Атэстацыя таксама была па пэўным горадзе”, — апісвае экскурсавод Таццяна, якая водзіць турыстаў па Варшаве.

Такім чынам чыноўнікі апраўдваюць сваё існаванне, кажа Антон Астаповіч, старшыня Дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, які таксама водзіць экскурсіі і мае сертыфікат:

“Я прафесійны гісторык, займаюся этнаграфіяй, культуралагічнымі працэсамі, хто будзе візіраваць мае тэксты экскурсій, калі там няма кваліфікаваных супрацоўнікаў. Гэта знявага да нашага цэху, бо чыноўнікі загадзя лічаць сябе разумнейшымі. Атрымалі мы сертыфікаты — далей наша справа”.

На сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме знаходзім больш за тысячу атэставаных экскурсаводаў. Ва ўсіх пазначаныя тэмы, па якіх можна вадзіць экскурсіі.

Фота: arara.cz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі