Вы тут

Антыалігархічны пратэст у Малдове: самае цікавае і важнае

Палаткі прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі Малдовы перад будынкам урада падчас мітынгу ў Кішынёве 9 чэрвеня 2019 года / Reuters

Малдова перажывае, мабыць, самы сур'ёзны палітычны крызіс у сваёй гісторыі. Прарасійскія і праеўрапейскія сілы ў парламенце аб'ядналіся адно з адным і з прэзідэнтам, каб адхіліць ад улады самага буйнога алігарха краіны. Але апошні вырашыў не здавацца і з дапамогай Канстытуцыйнага Суда "звольніў" паўстанцаў. Зараз абодва бакі сцвярджаюць, што яны — легітымная ўлада. Пачаліся вулічныя пратэсты ў падтрымку абодвух бакоў канфлікту. Мы сабралі самае цікавае і самае важнае пра тое, што адбываецца ў Кішынёве.

Аўтары: Максім Эрыставі, Святлана Казлова. "Медиасеть", па матэрыялах Ziarul de Garda, Newsmaker.

 

Малдаўскі "путч": ключавыя факты

Зыходны пункт: неадназначныя парламенцкія выбары

Па выніках выбараў 24 лютага месцы ў новым парламенце аказаліся практычна пароўну падзелены паміж трыма асноўнымі палітычнымі сіламі — прарасійскай Партыяй сацыялістаў, праеўрапейскім блокам ACUM і Дэмакратычнай партыяй пад кіраўніцтвам самага багатага чалавека краіны Улада Плахатнюка. Малдова — парламенцкая рэспубліка, так што пераможцам трэба было сфарміраваць кааліцыю і вызначыць склад новага ўрада. Перамовы ішлі больш за тры месяцы, але ўсё марна. Плахатнюк прапаноўваў блоку ACUM аб'яднацца, але кожны раз атрымліваў адмову:

"Блок ACUM не будзе ўдзельнічаць ні ў якіх кансультацыях з дзеючым кіраўніцтвам ДПМ, паколькі гэты клан з'яўляецца адказным за захоп дзяржавы, за знешнюю ізаляцыю краіны і падрыў эканомікі з-за сумнеўнага захопу найбольш важных эканамічных актываў, за галечу і выгнанне людзей з краіны", — абгрунтаваў пазіцыю адзін з лідараў ACUM Андрэй Нэстасэ.

Каталізатар: Канстытуцыйны Суд, які запатрабаваў роспуску парламента

Па законе новаабранаму малдаўскаму парламенту адводзіцца пэўны час на зацвярджэнне ўрада. Калі не — прэзідэнт яго распускае і прызначае новыя выбары. Сам па сабе крайні тэрмін для фарміравання ўрада выклікаў спрэчкі ў краіне. Але 7 чэрвеня Канстытуцыйны Суд раптам вызначыўся "ў апошнюю хвіліну" і пастанавіў, што ўжо назаўтра, 8 чэрвеня, урад абавязаны з'явіцца, падкрэсліўшы, што прэзідэнт павінен распусціць "няздольны" парламент.

 

Канфлікт: новы ўрад зацверджаны насуперак рашэнню Канстытуцыйнага Суда

Пад пагрозай роспуску парламента апазіцыйныя сілы ў складзе Партыі сацыялістаў і праеўрапейскага блока ACUM раніцай 8 чэрвеня падпісваюць часовае кааліцыйнае пагадненне. Іх падтрымлівае прэзідэнт Ігар Дадон, таксама з ліку сацыялістаў. Дэпутаты, якія "паўсталі", збіраюцца на экстраннае пасяджэнне ў паўцёмнай сесійнай зале, дзе не працуе святло — абслуговы персанал не выйшаў на працу і не адказваў на званкі. Парламент афіцыйна абвяшчае Малдову "захопленай дзяржавай", дзе, на думку дэпутатаў, усе ключавыя дзяржаўныя структуры, уключаючы Канстытуцыйны Суд, знаходзяцца пад кантролем Улада Плахатнюка, самага буйнога алігарха краіны і лідара кіруючай Дэмакратычнай партыі. Затым прадстаўніка сацыялістаў Зінаіду Грачаный абіраюць спікерам заканадаўчага органа. Прэзідэнт Ігар Дадон, які застаўся з дэпутатамі, вылучае лідара ACUM Майю Санду ў прэм'еры, а парламент зацвярджае яе разам з новым урадам. Упершыню ў гісторыі краіны і спікер, і прэм'ер — жанчыны, як і палова складу кабінета міністраў.

privesc.eu

Удар у адказ: Канстытуцыйны Суд сам распускае парламент і адхіляе ад пасады прэзідэнта

privesc.eu

Але ў ноч на 9 чэрвеня па просьбе дэпутатаў Дэмакратычнай партыі алігарха Плахатнюка Канстытуцыйны Суд выносіць новы вердыкт: рашэнні, прынятыя дэпутатамі 8 чэрвеня, несапраўдныя, бо тэрмін фарміравання рабочых органаў парламента скончыўся вечарам 7 чэрвеня. КС часова адхіліў прэзідэнта Дадона (апошняе ўжо здаралася не раз, праўда, тады супраць Дадона выступаў парламент) і прызначыў Паўла Філіпа, папярэдніка Санду і найбліжэйшага саюзніка Плахатнюка, в. а. прэзідэнта. В. а. тут жа распусціў парламент, які "паўстаў", і прызначыў пазачарговыя выбары на 6 верасня 2019 года. "Антыалігархічны" парламент і прэм'ер рашэнне праігнаравалі і ўвечары нядзелі працягнулі працаваць у экстранным рэжыме. У гэты час на вуліцах ішлі акцыі пратэсту ў падтрымку як парламента, так і Дэмпартыі.

Які путч "законнейшы"?

Спроба захопу ўлады і дзяржаўнага перавароту — так апісаў падзеі выхадных кіраўнік Дэмакратычнай партыі і галоўны алігарх краіны Улад Плахатнюк:

"ДПМ не прызнае пленарнага пасяджэння і ўсяго, за што сёння прагаласавалі дэпутаты. Мы прымем усе законныя і дэмакратычныя дзеянні, каб план захопу дзяржустаноў ня рэалізаваўся".

Але многія дэпутаты і юрысты лічаць, што Канстытуцыйны Суд памыліўся ў датах: Канстытуцыя адводзіць на стварэнне ўрада тры каляндарныя месяцы, а не 90 дзён — гэта значыць у дэпутатаў у запасе быў яшчэ адзін дзень 8 чэрвеня. Да таго ж, як кажа сам Додон, паводле асноўнага закона распусціць парламент можа толькі прэзідэнт. Можа, але не абавязаны. Нарэшце, нават у выпадку роспуску цяперашні парламент законна працуе да склікання новага складу, на гэта паказаў у сваім пасце ў Фэйсбуку былы міністр эканомікі Аляксандр Мураўскі.

Зрэшты, былы член Канстытуцыйнага Суда Віктар Попа абараняе рашэнне КС: "Зараз робяцца розныя інтэрпрэтацыі, але не бярэцца ў разлік тое, што ў маі месяцы быў 31 дзень, суддзі не лічаць па спрошчанай форме, а па колькасці дзён". Гэта значыць, па яго словах, поўнач 7 чэрвеня з'яўлялася апошняй датай, калі дэпутаты маглі сустрэцца на пасяджэнні.

Часовы прэзідэнт Малдовы Павел Філіп і лідар Дэмакратычнай партыі Малдовы Уладзімір Плахатнюк на мітынгу ў Кішынёве 9 чэрвеня 2019 года / Reuters

"Ніколі такога не было, і вось зноў": што цяпер?

Абедзве малдаўскія ўлады лічаць сябе легітымнымі, так што пазіцыі "сілавікоў" і міжнароднай супольнасці могуць аказацца ключавымі. У падтрымку "антыалігархічных" сіл выказалася амбасада ЗША ў Малдове, амбасада Расіі, Еўрапейская камісія, самая буйная фракцыя Еўрапарламента.

"Спадзяюся нечаканая кааліцыя дапаможа вывесці краіну з пад дамінантнага ўплыву аднаго алігарха. Канстытуцыйны Суд паказаў прыклад беспрэцэдэнтнага дэфіцыту незалежнасці",заявіла Рэбека Хармс, кіраўнік групы Еўрапарламента па парламенцкім супрацоўніцтве з краінамі "Усходняга партнёрства".

На фоне замежнай падтрымкі, якая расце, парламентарыі звярнуліся ў Еўрапейскі суд па правах чалавека са скаргай на рашэнні Канстытуцыйнага Суда і ў Савет Бяспекі ААН з просьбай ацаніць сітуацыю ў Малдове. Больш за 80 няўрадавых арганізацый гэтак жа ўсталі на абарону парламента і новага ўрада. Цяпер і кіраўнік Дэмпартыі Улад Плахатнюк, і новапрызначаны прэм'ер заклікаюць сілавыя структуры краіны выконваць рашэнні законнай улады.

 

Суседзям Малдовы на заметку

З часу абвяшчэння незалежнасці ў 1991 годзе Малдова перажыла два буйныя палітычныя крызісы, якія скончыліся зменай улады: "Твітэр-рэвалюцыя" 2009 года супраць выбарчых фальсіфікацый, якая прывяла да падзення ўрада кампартыі, і пратэсты 2015–2016 гадоў услед за крадзяжом мільярда з малдаўскіх банкаў. Чым бы ні скончылася цяперашняе супрацьстаянне ў Малдове, відавочная першая ў гісторыі рэгіёна спроба адхіліць ад улады алігархаў з дапамогай канстытуцыйнага механізма. "Захопленая дзяржава" — гэта акадэмічны тэрмін, які ў апошні час выкарыстоўваўся для палітычнай характарыстыкі дэмакратый (асабліва ва Усходняй Еўропе), дзе, нягледзячы на ​​свабодныя выбары, усе ключавыя рашэнні, інстытуты ўлады і СМІ знаходзяцца пад кантролем аднаго або некалькіх алігархаў. Малдаўскія дэпутаты ўпершыню перавялі гэты тэрмін у заканадаўчую рэальнасць і паспрабавалі ўвасобіць у жыццё легальны спосаб "дэалігархізацыі" краіны.

Прыхільнікі Дэмакратычнай партыі Малдовы на мітынгу ў Кішынёве 9 чэрвеня 2019 года. Іх транспаранты абвяшчаюць: "Дадон, індык", "Звольніць Дадона", "Дадон, прадавец краіны" / Reuters

Падзеі ў Малдове: цытаты  

"Сёння ў нас няма Усходу ці Захаду, няма чырвоных, жоўтых або белых. У нас ёсць адзіны народ, адзіная мэта і адна Малдова — для ўсіх... Усе мы павінны стаць, хай нават на нявызначаны перыяд, рухаючай сілай, якая пакладзе канец галечы, канец захопу ўлады ў краіне тымі, хто хоча падпарадкаваць сабе ўсё, што іх акружае. Мы павінны стаць шчытом для нашых грамадзян і не забываць пра тое, што іх галасы з'яўляюцца адначасова шабляй справядлівасці, якую яны нам даверылі".

Новаабраны спікер парламента Малдовы Зінаіда Грачаный

8 чэрвеня 2019 г.

 

"Дарагія мае малдаване, ДПМ вельмі старалася стварыць кааліцыю, каб рамантаваць дарогі, павышаць пенсіі і зарплаты. Але на апошняй стаметроўцы прыйшоў Дадон і прапанаваў аддаць краіну тым, хто даўно хоча яе ўзяць. Я не прыняў яго ўмовы, не пагадзіўся аддаць народ... Датэрміновыя выбары! Паглядзім, як прагаласуюць за гэтых манкуртаў!"

Лідар Дэмакратычнай партыі Уладзімір Плахатнюк

9 чэрвеня, 2019

 

"Парламент канстатуе ўзурпацыю ўлады ў дзяржаве былым антынародным урадам, які страціў давер грамадзян і міжнароднай супольнасці і, замест таго, каб дэмакратычна саступіць уладу, вырашыў пайсці па шляху дэстабілізацыі і эскалацыі гвалту. Парламент, абраны ў выніку выбараў 24 лютага 2019 года, аб'яўляе па-за законам урад Філіпа і патрабуе, каб Дэмакратычная партыя прыбрала наймітаў з дзяржаўных устаноў".

Новаабраны прэм'ер Малдовы Мая Санду

9 чэрвеня, 2019

 

"Заклікаю яго мірна перадаць уладу, цывілізавана і не спрабаваць падпальваць дом, таму што Малдова яму не належыць".

Новапрызначаны парламентам міністр унутраных спраў Андрэй Нэстасэ

9 чэрвеня, 2019

 

"Вы сведкі, што мы не хацелі датэрміновых выбараў, ДПМ першая прапанавала дамовіцца. Сёння ўлада ў Малдове не ў палітычных сіл, а ў народа... Дадон павінен панесці адказнасць за здраду і спробу арганізаваць дзяржпераварот".

Прызначаны Канстытуцыйным Судом в. а. прэзідэнта і прэм'ера Павел Філіп

9 чэрвеня, 2019

 

"Я ведаю, што некаторым дах знесла, і не выключаю, што яны гатовыя пайсці на любы сцэнарый, але, паверце, мы да гэтага гатовыя. Нягледзячы на ўвесь бруд, які цяпер льецца на прэзідэнта, на дэпутатаў, — працэс пачаўся".

Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон

9 чэрвеня, 2019