Анкета кандыдата. Мікалай Улаховіч: Мяне ўсе называлі Дзмітрычам

Анкета кандыдата. Мікалай Улаховіч: Мяне ўсе называлі Дзмітрычам

Еўрарадыё пачынае цыкл бліц-інтэрв’ю з кандыдатамі ў прэзідэнты. Першая гутарка — з Мікалаем Улаховічам.

 

1. Імя/ Імя па бацьку/ прозвішча: Улаховіч Мікалай Дзмітрыевіч

2. Месца нараджэння: Мінск. Мае бацькі працавалі на трактарным заводзе і там пазнаёміліся. Нарадзіўся я на вуліцы Стралковая. Яна дагэтуль ёсць.

3. Узрост: 21 жніўня мне споўнілася 64 гады.

4. Рост, вага: Ну, рост мой цяпер, напэўна, крыху падсеў. Быў 183 см, цяпер, відаць, 182. Вагу я заўсёды стараюся трымаць — кілаграмаў 105 ёсць.

5. Сямейнае становішча (дзеці, унукі): Жонка мая пенсіянерка цяпер. Шмат гадоў прапрацавала бухгалтарам рамонтна-будаўнічага трэста. Гэта цяжкая праца. Сын — кандыдат юрыдычных навук, абараніўся ў 28 гадоў. Шмат гадоў працаваў дацэнтам на кафедры ў Акадэміі кіравання. У яго трое дзяцей — мае унукі. Старэйшая дзяўчынка, хлопчык і дзяўчынка.

6. Мянушка (у дзяцінстве, а, магчыма, і цяпер): Ведаеце, ніякай мянушкі ніколі не было. Да мяне заўсёды павага была, пачынаючы з курсанцкіх часоў. Мяне ўсе называлі Дзмітрыч.

7. Якімі мовамі валодае: Да пятага класа вучыўся ў беларускай школе. Але я саромеюся гаварыць на беларускай мове. Каб гаварыць — на ёй трэба думаць. Вучыў шмат моваў… Але гэта ж вы самі разумееце, нельга сказаць, што іх ведаеш пасля такога. Каб вольна — толькі рускую.

8. Адукацыя: Сімферопальская вышэйшая ваенна-палітычная вучэльня (1974), Іванаўскі дзяржаўны універсітэт (1984), валгаградскі інжынерна-будаўнічы інстытут (1992).

9. Любімы і нелюбімы прадмет у школе/універсітэце: Метадалогія. Гэта быў самы нелюбімы прадмет. Метадалогія выкладання ў сярэдняй школе. Кандыдат навук у нас выкладала. Усё трэба было ведаць па старонках. Я дагэтуль не магу зразумець, навошта. А самае складанае, што даводзілася здаваць, — гэта пастановы нашага ўрада і ўказы прэзідэнта. Любімых прадметаў шмат, магу нават па катэгорыях назваць. Тэхнічныя ўсе. Я нават некалі рэферат напісаў па другой касмічнай хуткасці. Гэта тэарэтычная механіка. Сапрамат я любіў. Гідраўліка.

10. Адзнакі ў школе/ўніверсітэце: Добрыя і выдатныя пераважна.

Анкета кандыдата. Мікалай Улаховіч: Мяне ўсе называлі Дзмітрычам

11. Гадавы даход: 240 мільёнаў.

12. Самая дарагая пакупка за апошні год: Даўно я нічога не набываў, не буду прыкідвацца. Але нешта ж было, відаць. Касцюм! 5 мільёнаў аддаў.

13. Колькі разоў быў за мяжой за апошні год і ў якіх краінах: Не. Даўно не езджу. У мяне хворая жонка. Магу толькі на 1-2 дні адарвацца.

14. Марка гадзінніка: “Сейко”. Шмат гадоў у мяне, добры японскі гадзіннік. Не маю з ім праблем.

15. Марка аўтамабіля: Аўтамабілем карыстаюся. Але даўно сам не кірую, баюся па горадзе ездзіць. Правы маю, але не езджу сам. Карыстаюся машынай сына, “Міцубісі Галант”. Сын мяне падвозіць, калі трэба.

16. Дзе адпачываў апошні раз: Нідзе. Да жонкі на Радзіму раней ездзіў. Яна з Сімферопаля.

17. Самая любімая кніга/апошняя прачытаная кніга: Даўно не чытаў. Але ўвогуле мяне бібліятэкар, пачынаючы з 5 класа з бібліятэкі выганяла. Я тады ўжо спрабаваў прачытаць працы Леніна і Сталіна. А любімы пісьменнік — Сяргей Люцэнскі, крымскі пісьменнік-марыніст.

18. Топ-3 фільмаў і самы апошні, які глядзеў: Зразумела, фільмы пра афіцэраў. “Белае сонца пустыні” люблю.

19. Любімая музыка. Тры найлепшыя выканаўцы: класічная.

20. Любімы від спорту. Каманда, за якую балее: Я некалькі гадоў кіраваў Беларускай федэрацыяй каратэ. Быў кандыдатам у майстры спорту па самба, па баскетболе, па валейболе таксама. Але даўно не гуляю. Проста люблю, калі нашы выйграюць.

Анкета кандыдата. Мікалай Улаховіч: Мяне ўсе называлі Дзмітрычам

21. Любімая страва і яе рэцэпт: Цяжка сказаць, не ведаю. Усё люблю.

22. Добрая звычка: Люблю сваю сям’ю, калі гэта можна назваць звычкай.

23. Кепская звычка: Курыў. Але кінуў.

24. Любімая цытата палітыка: Працытаваць не змагу. Але куміры ёсць. Першы — Аляксей Касыгін. Яго я абагаўляю. Калі б ён тады змог, то не было б развалу Савецкага Саюза. Сталыпін таксама. Маё стаўленне да Пуціна? Гэта сіла, якая сёння трымае Расію. Яна прабівае сабе новы шлях.

25. Чый Крым?: Там жывуць родныя маёй жонкі. Я вельмі добра ведаю Аксёнава (Сяргей Аксёнаў — кіраўнік "Рэспублікі Крым", якая ўвайшла ў склад Расійскай Федэрацыі), ён скончыў наша вучылішча. Толькі маладзейшы за мяне. Я лічу, што Пуцін зрабіў вялікую справу, калі далучыў Крым да Расіі. Гэта яго самая вялікая заслуга. Я спадзяюся, што Украіна вернецца ў наш трайнік. У іншым выглядзе, але вернецца.

26. Колькі тэрмінаў на пасадзе павінен быць прэзідэнт?: Я не магу вызначыцца. 4 гады быць, 5 гадоў ці 10 гадоў павінен быць адзін тэрмін. Але мы ўсе разумеем, што дзейны прэзідэнт выйграе выбары, ёсць адміністратыўны рэсурс. З іншага боку — тут гэтыя нацпатрыёты. Мне незразумела. Я толкам не магу адказаць на гэтае пытанне.

27. За каго галасаваў на мінулых выбарах: Вядома, за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку.

28. Першы ўказ на пасадзе прэзідэнта: Распушчу ўрад.

29. Першы візіт у якасці прэзідэнта: Вядома, у Расію. Нават калі мяне спачатку запросяць у ЗША, усё адно паеду ў Расію ў першы візіт.

30. Слоган кампаніі: За мір, спакой і парадак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі