Андрэй Скурко: Вяртанне газет - паказчык сілы незалежнага грамадства

Недзяржаўныя беларускія газеты "Наша ніва" і "Народная воля" вяртаюцца ў сеткі распаўсюду. Улады вырашылі пайсці на саступкі Еўрасаюзу і незалежнаму беларускаму грамадству. Як гаворыць галоўны рэдактар тыднёвіка "Наша ніва" Андрэй Скурко, гэтая інфармацыя пакуль неафіцыйная (было тэлефанаванне з Адміністрацыі прэзідэнта) і варта пачакаць падпісання дамоваў з "Белпоштай" і "Белсаюздрукам", куды ўжо накіраваныя лісты. Вось як Скурко ацэньвае гэтую падзею:

"Гэта такое аднаўленне справядлівасці. Калі ў Беларусі ёсць людзі і вялікая колкькасць, якія хочуць чытаць незалежную прэсу, адпаведна яны маюць права мець магчымасць доступу да яе".

Андрэй Скурко лічыць, што цяпер варта чакаць і наступных падобных крокаў уладаў у кірунку свабоды прэсы ў нашай краіне.

"Тое, што незалежныя газеты вяртаюцца ў сістэму распаўсюду - гэта паказчык сілы нашага незалежнага грамадства, якое здолела са снежня 2005-га года падтрымліваць газеты, не кінула іх у бядзе",
- лічыць галоўны рэдактар "Нашай нівы".

Нагадаем, што праблема вяртання ў сеткі распасюду "Народнай волі" была ўзнятая на нядаўнім "Мінскім форуме", і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімір Макей паабяцаў разабрацца. І ўжо ў неафіцыйным лісце, накіраваным у еўрапейскія структуры, утрымлівалася, між іншым, абяцанне вярнуць "Народную волю" і "Нашу ніву". На жаль, пра іншыя недзяржаўныя выданні пакуль гаворкі няма.

На архіўным здымку: "Народная воля" яшчэ прадаецца ў кіёску. Мінск, 2000 г.

Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі