Андрэй Козел вызвалены, яго справу адправілі на дапрацоўку
![Андрэй Козел вызвалены, яго справу адправілі на дапрацоўку](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/img_20180219_153730.jpg.webp?itok=-xoAqMTi)
Журналіст-фрылансер Андрэй Козел вызвалены, яго справу адправілі на дапрацоўку. Яго затрымалі ўвечары 18 лютага на выбарчым участку № 27 у Мінску, дзе ён быў назіральнікам і падчас падліку галасоў рабіў відэаздымку. Пры гэтым малады чалавек быў збіты. Ноч Козел правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Сёння ён распавёў пра абставіны свайго збіцця: “Адзін з супрацоўнікаў міліцыі кінуў мяне на дзверы, я ўпаў і ці галавой, ці плячом разбіў шкло. Потым былі тры ўдары па галаве, рэбрах, нырках. Медычную дапамогу мне не аказвалі…”. Міліцыя сцвярджае, што назіральнік “актыўна супраціўляўся”, сам разбіў дзверы, а пасля ўпаў і “нанёс сабе пашкоджанні”. На галаве Андрэя можна пабачыць гематому. У судзе ён скардзіўся на кепскае самаадчуванне.
У выніку суддзя вырашыў адправіць справу назіральніка на дапрацоўку. Андрэй Козел быў вызвалены ў зале суда. Як вядома, яго вінавацяць у “непадпарадкаванні законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў”.