Вы тут

Андрэй Горват расказаў пра "кнігу", якую цяпер піша

Андрэй Горват / svaboda.org

Аўтар бэстсэлера "Радзіва Прудок" Андрэй Горват ужо некалькі месяцаў заняты аднаўленнем палаца ў Нароўлі. У мінулым лістападзе ён разам з партнёрамі купіў паўразбураны сядзібны дом Горватаў XIX стагоддзя на аўкцыёне.

"На сваяцтве не хачу нават засяроджвацца, бо гэта не мае ніякай розніцы. Палац мяне цікавіць не таму, што ён належаў Горватам. Так, гэта было прычынай, чаму я сюды першы раз прыехаў 15 гадоў таму, але цяпер ужо ўсё роўна. Скажу так: я не прамы нашчадак",расказаў Горват у інтэрв'ю "Радыё Свабода".

За паўразбураныя сцены з пустымі праёмамі вокнаў, рэшткі фантана з басейнам і запушчаны парк кампаньёны заплацілі 50 тысяч рублёў.

Пакуль працягваецца разбор завалаў. Памочнікаў і валанцёраў у Горвата няшмат. Таму за гэтыя месяцы ён быў вымушаны засвоіць адразу некалькі прафесій — і прараба, і будаўніка, і чорнарабочага, і адказнага за справаздачнасць.

Двухпавярховы будынак на беразе Прыпяці ў стылі класіцызму заклаў у 1850 годзе Даніла Горват / svaboda.org

Сваімі сіламі партнёры разлічваюць аднавіць дах палаца. Гэта важна, каб спыніць разбурэнне будынка. Далей давядзецца прасіць дапамогі ў фондаў і спонсараў. 

"Для мяне прынцыпова, каб да канца 2021-га накрыць будынак дахам. Пры такім раскладзе вырашыцца галоўная праблема — палац перастане разбурацца. Ужо тое, што мы яго купілі і нешта рабілі, будзе апраўдана. І нават калі раптам з нейкіх прычын не атрымаецца давесці да канца, такая праграма-мінімум апраўдае той рамантызм", — кажа Горват.

Палац мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, таму ўсе работы і рашэнні патрабуюць узгадненняў аж да Міністэрства культуры. Згодна з дамовай, праз пяць гадоў у палацы павінен адкрыцца гатэль або рэстаран.

"Для сябе запланавалі "музейны комплекс з функцыяй гатэля", — кажа Горват.  Паводле яго слоў, раней у палацы былі выстаўленыя некалькі калекцый, якія збіралі гаспадары: прырода Палесся з пудзіламі жывёл і гнёздамі птушак, пад шклом былі археалагічныя знаходкі.

"Яны любілі гасцей, адна з надпісаў на сцяне гучала так: "Госць у доме — Бог у доме". Таму лагічна зрабіць гатэль — не стандартны, а сямейнага тыпу. Умоўна можна параўнаць з Нясвіжам: і музейная частка, і месца для канцэртаў, і нумары пераначаваць. Я не збіраюся тут жыць, не будую сабе асабняк", — дзеліцца сваімі планамі Андрэй Горват.

Разам з Горватам палац аднаўляюць стваральнік культурнай прасторы "Даліна анёлаў" Аляксандр Баранаў і галоўны рэдактар гомельскіх "Моцных навін" Пётр Кузняцоў / svaboda.org

Перад тым як наважыцца на куплю, Горват шмат часу правёў у архівах. Вывучаў і ўладкаванне самога палаца, і тых, хто тут жыў. На пытанне "А як жа кампазітарства і кнігі?" Горват кажа, што "вось яна, мая творчасць", і паказвае на будынак.

"Гэта кніга, якую цяпер пішу. Проста яна існуе ў адзіным экзэмпляры і трэба прыязджаць у Нароўлю, каб яе пачытаць", — кажа Андрэй Горват.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.