Вы тут

Амністыя і падраныя штаны: мама-328 сцвярджае, што сыну помсцяць за зварот у СМІ

Ілюстрацыя "Медиазона"

3 ліпеня 16-гадовы Азіз Тагаеў, які адбывае пакаранне па "наркатычным" артыкуле 328 КК у выхаваўчай калоніі № 2 у Бабруйску, патэлефанаваў маме і расказаў, што парваў штаны, працуючы на прамзоне. За гэта хлопцу выпісалі трэцяе за год дысцыплінарнае спагнанне.

Сыночак мой, родны мой, як твае справы? — пытаецца Шахло.
Я, карацей, накасячыў, — адказвае Азіз. — На мяне напісалі рапарт, таму што я накасячыў.
Чаму? За што?
Мяне пазбавілі працяглага спаткання. Заўтра будзе камісія, будуць ставіць на злоснага парушальніка.

Шахло на ўзбекскай пытаецца, што здарылася. Паводле яе слоў, гэта адзіны шанц па тэлефоне даведацца штосьці ад сына. Азіз расказвае, што выпадкова парваў штаны на прамзоне, але пасля гэтага быў складзены рапарт. І што ён ужо кампенсаваў шкоду — штаны абышліся ў 27 рублёў.

За тры парушэнні ў калоніі пагражае адзнака "злосны парушальнік". А з такой адзнакай Азіз не зможа прэтэндаваць на амністыю, па якой непаўналетнім сёлета памяншаюць тэрміны зняволення на два гады. Шахло лічыць, што так адміністрацыя калоніі помсціць ёй і сыну за зносіны са СМІ.

Адной назе горача, другі халаднавата

На наступны дзень пасля размовы аб парваных штанах бацькі хлопца паехалі ў выхаваўчую калонію № 2 у Бабруйску, дзе адбывае пакаранне іх непаўналетні сын.

Ілюстрацыя "Медиазона"

"Яны [начальнік калоніі, яго намеснік і выхавальнік. — Еўрарадыё] там ужо сабраліся, яны падрыхтаваліся, яны ведалі пра нашу з сынам размову, — расказвае жанчына. — Я прасіла іх паказаць дакументы ўнутранай праверкі наконт таго, наўмысна Азіз парваў штаны ці не. У выніку мне паказалі фотаздымкі, дзе Азіз стаіць у рваных штанах. Фотаздымкі былі зробленыя 3 ліпеня [праз некалькі дзён пасля здарэння. — Еўрарадыё]! Я ўбачыла гэта, калі глядзела. Левая калашына парваная знізу да самай пахвіны. Сфатаграфавалі злева і справа. Хоць Азіз сказаў, што ён парваў левую калашыну, калі бег на пастраенне. Бег, зачапіўся і ўпаў.

Як ён растлумачыў свой "наўмысны ўчынак"? Яны адказалі мне, што яму было горача. Ды няўжо! Чаму адна нага цалкам парваная? Другі было халаднавата?"

Увосень Шахло расказала журналістам, што Азізу не аказваюць медыцынскую дапамогу. Паводле яе слоў, з-за правіны аднаго са зняволеных Азізу паставілі парушэнне, яго і яшчэ аднаго хлопца збілі. У яго моцна апухла каленная рэпка. Маці звярнулася ў Дэпартамент выканання пакаранняў, у калонію прыязджала праверка, але ніякіх парушэнняў знойдзена не было. Пасля сын распавёў Шахло, што падчас размовы з правяраючымі з Дэпартамента, начальнік калоніі сядзеў побач і моцна наступаў на яго нагу, каб ён не сказаў нічога лішняга.

Пасля ад'езду праверкі, кажуць бацькі падлетка, намеснік начальніка калоніі збіў Азіза каленам у жывот.

"Ён казаў яму, маўляў, і чаго твая мама гэтым дамаглася? Праверка з'ехала, усё!", — абураецца Шахло.

Другое парушэнне Азіз Тагаеў атрымаў за тое, што яго сябар, які вызваліўся з калоніі, аддаў яму свае боты. Наглядчыкі вырашылі, што падлетак выменяў у кагосьці абутак на цыгарэты. "Фатаграфію Азіза і яго сябра павесілі на ўваходзе ў сталовую і напісалі, што гэта злачынцы. Гэтыя фатаграфіі віселі там некалькі месяцаў", — расказвае бацька Азіза Ашыр.

Тыдзень у тапачках

Праз колькі часу пасля гісторыі з ботамі з шафкі Азіза знік альбом з фотаздымкамі. Пасля мама прыслала сыну некалькі фатаграфій разам з лістом, але яны да хлопца не дайшлі.

"Праз некаторы час у нас было кароткатэрміновае спатканне. Азіз прыйшоў з усмешкай да вушэй і сказаў, што ў яго на стале з'явіўся той альбом, якога не было паўтара месяца. Уся справа ў тым, што нашы размовы праслухоўваюцца. А я па тэлефоне сказала, што яны адкажуць за гэтыя фатаграфіі і альбом, што я ў суд падам за гэта".

Ілюстрацыя "Медиазона"

Але і на гэтым гісторыя не скончылася. Шахло лічыць, што альбом і яе словы пра суд сталі прычынай для дадатковага цкавання:

"Гэта было зімой. Яго рана раніцай на пастраенні прымусілі зняць цёмна-сінюю кашулю, якую я яму перадала, далі ў рукі нажніцы і сказалі: "Рэж! А калі не парэжаш, то атрымаеш пакаранне і не будзеш прадукты атрымліваць". Ён зімой стаяў у тапачках! Таму што тыя боты, якія пакінуў яму сябар, забралі, а яго асабістыя, дзіравыя, парэзалі. Ён тыдзень у тапачках хадзіў, таму што я нічога не ведала. Толькі потым паклала грошы, каб ён схадзіў і купіў сабе боты".

"Я хачу жыць, выйсці адсюль і з'ехаць ва Узбекістан"

Прыкладна ў той жа час Шахлая даведалася, што на "наркатычную" бірку яе сыну дапісалі слова "суіцыд".

"Бірка там адна. На адной палове "наркотыкі", на другой "суіцыд". Яны так і сказалі мне: "Калі яго ноччу прыйдуць, задушаць і павесяць, мы скажам, што ён сам гэта зрабіў". Гэта мне сказаў Маслякоў, начальнік калоніі, проста ў твар. Я пыталася ў сына, навошта яму павесілі гэтую бірку, пыталася, казаў ён нешта такое ці, можа, зрабіў. А ён: "Мама, я не ведаю. Я хачу жыць, выйсці адсюль і з'ехаць ва Узбекістан".

Сям'я Азіза асцерагаецца, што з-за актыўных зносін з журналістамі і праваабаронцамі ім таксама могуць помсціць. Шахло кажа, што за ёй, мужам і малодшай дачкой сочаць супрацоўнікі наркакантролю.

"Мы баімся, што нам падкінуць наркотыкі, — кажа Шахло. — Ці мяне дэпартуюць, бо я грамадзянка Узбекістана".

Сям'я Тагаевых звярнулася па дапамогу да праваабаронцаў з "Прававой ініцыятывы" і плануе напісаць скаргі ў ДВП і Генпракуратуру.