Амністыі тым, хто самавольна зрабіў перапланіроўку, не будзе

Замест гэтага штрафы павялічыліся ў 16 разоў.
Каб законна зрабіць перапланіроўку сваёй кватэры, трэба прайсці не адну інстанцыю.

Напрыклад, каб узаконіць перанос міжпакаёвых дзвярэй, трэба звярнуцца 11 разоў у 8 службаў і арганізацый. Калі вы афармляеце больш складаную перапланіроўку, трэба 26 разоў наведваць 10 арганізацый, паведамляе “Эканамічная газета”.

Новае Палажэнне аб парадку пераўладкавання і перапланіроўкі жылых памяшканняў у шматкватэрных дамах абяцала спрашчэнне гэтай працэдуры і амністыю “самавольшчыкам”, але, відаць, абяцання не выканае.

У ім няма ніякіх зменаў адносна таго, што з’яўляецца перапланіроўкай, а што не. Але зацверджаныя кошты штрафаў для тых, хто перапланаваў сваю кватэру самавольна.

Гаворыць Міхаіл Коласаў, кіраўнік аддзела Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі.

Міхаіл Коласаў: “За парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі і самавольную перапланіроўку фізічнай асобе пагражае штраф ад 10 да 30 базавых (ад 310 000 рублёў да 930 000) велічыняў.

А калі перапланіроўка зроблена так, што нешта сур’ёзнае парушана, напрыклад, пайшла трэшчына ў падмурку ці сцяне і г.д. (то бок калі паўплывала на нясучую паверхню), то штраф ужо ад 30 да 50 (ад 930 000 рублёў да 1 мільёна 550 тысяч) базавых велічыняў”.


Раней максімальны штраф за самавольную перапланіроўку дасягаў трох базавых велічынь. Атрымліваецца, што ён змяніўся як мінімум у тры, а як максімум — у 16,5 разоў.


Для таго каб зрабіць перапланіроўку законна, мінчукам трэба падаць у Агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры (вул. Румянцава, 17) чатыры дакументы.

Па-першае, заяву аб дазволе пераўладкаваня і перапланіроўкі. Бланк заявы вы можаце ўзяць там жа. Да яе трэба пракласці пісьмовы дазвол усіх паўнагадовых, якія жывуць у вашай кватэры.

Па-трэцяе, дазвол наймадацеля і органаў кіравання арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў у жылых дамах гэтых арганізацый. І па-чацвёртае, план-схему ці апісанне прац па перабудове ці перапланіроўцы ў адвольнай форме.

ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ:
Перапланіроўкай не з’яўляецца ўстаноўка ці замена вокнаў ці дзвярэй (калі вокны не выходзяць на праспекты), унітазаў, ванн (без пераабсталявання), электрапліт.

Можна перанесці разеткі, але гэта мусяць рабіць ці супрацоўнікі ЖЭСу, ці людзі, у якіх ёсць на гэта ліцэнзія. Дазваляецца ўстаноўка вентыляцыйных прыбораў і падвесных ці нацяжных столяў, усталяванне і дэмантаж стацыянарных шкафоў і антрэсоляў.


Калі для перапланіроўкі неабходны праект, то пасля атрымання дазволу вы мусіце заключыць дамову з праектнай арганізацыяй ці праекціроўшчыкам, які мае ліцэнзію.

Чуткі пра тое, што ўсім самавольным перапланіроўшчыкам будзе аб’яўлена амністыя, не падцвердзіліся. Тут усё па-ранейшаму, паведаміў Еўрапейскаму радыё Аляксей Козел, кіраўнік аддзелу рэгістра Мінскага гарадскога агенцтва па рэгістрацыі і зямельным кадастры.

Аляксей Козел: “Штраф усё роўна прыйдзецца плаціць, калі перапланіроўка самавольная. То бок вы ўжо адступілі ад заканадаўчай нормы.

Пры гэтым будуць разглядаць, наколькі ўвогуле магчыма яе ўзаконіць, ці не з’яўляецца яна парушэннем санітарных, гігіенічных, будаўнічых норм. Калі яе можна ўзаконіць, будзе вынесена адпаведнае рашэнне”.


У мінулым годзе было выяўлена 4 800 самавольных перапланіровак, 210 спраў пераданы ў суд. Ці стане людзям лягчэй узаконьваць перапланіроўку, мы запыталіся ў рыэлтара Вольгі.

Вольга: “На мой погляд, усё нашмат ускладнілася. Хаця б таму, што людзі да гэтага часу не могуць зацвердзіць самавольныя перапланіроўкі, нават тыя, хто хацеў. Ім цяпер трэба ісці ў адміністрацыю і спадзявацца на тое, што ім дазволяць зрабіць гэта праз праект.

А гэта нашмат складаней, чым без яго. Хадзіць будуць не месяц, а тры месяцы. Бо трэба ўжо тры пакеты дакументаў: праект, дазвол праекціраваць на яго і на тое, што па ім зроблена. То бок праектаваць тое, што ўжо ёсць.

Калі яшчэ дадаць нейкія арганізацыі, якія будуць займацца зацверджаннем, то гэта вельмі дорага. Я думаю, што зараз людзі проста будуць рабіць усё, але не зацвярджаць”.


Такім чынам, новае Палажэнне наўрад ці будзе каму-небудзь карысным. Да таго ж абяцаюць узмацніць кантроль над самавольнымі перапланіроўкамі, якім чынам – пакуль невядома.

Фота: ladif.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі