Amnesty International: беларускія сілавікі збівалі мігрантаў дубінкамі

Amnesty International: беларускія сілавікі збівалі мігрантаў дубінкамі

Апублікаваныя вытрымкі з даследавання міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International пра жорсткае абыходжанне з мігрантамі на беларуска-польскай мяжы. Гаворка ідзе і пра польскіх сілавікоў, і пра беларускіх.

Усе апытаныя Amnesty International мігранты сцвярджаюць, што да мяжы з Польшчай іх увесь час суправаджалі беларускія сілавікі, а пасля прымушалі яе нелегальна пераходзіць. "Было каля дзесяці [беларускіх] вайскоўцаў і з імі было чатыры сабакі, — цытуецца адно са сведчанняў. — Яны сказалі, што адпусцяць [на нас] сабак, калі мы не будзем хутка бегчы... Вайскоўцы рухаліся за намі, збіваючы дубінкамі ўсіх, хто не ішоў досыць хутка".

У дакладзе ёсць сведчанні, што мігранты, якія спрабавалі вярнуцца з памежнай зоны назад, сутыкаліся з вымагальніцтвам хабару з боку беларускіх сілавікоў, у іх маглі забраць тэлефоны і грошы.

У Amnesty International адзначаюць, што Польшча, ведаючы пра жорсткае абыходжанне з мігрантамі ў Беларусі, усё ж адпраўляла назад затрыманых за незаконны пераход мяжы. У той жа час у дакладзе няма нават згадак пра "забойствы" на польскім баку мяжы мігрантаў, пра што заяўляе беларуская дзяржаўная прапаганда, у тым ліку і са спасылкай на польскага дэзерціра.

Тым часам улады Беларусі збіраюцца перадаць міжнародным структурам матэрыялы крымінальнай справы "аб злачынствах польскіх сілавікоў у адносінах да ўцекачоў" — 5 тамоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі