"Амерыка зноў рухаецца" — Джо Байдэн падвёў вынікі ста дзён свайго прэзідэнцтва

Джо Байдэн у Кангрэсе ЗША / Reuters
Джо Байдэн у Кангрэсе ЗША / Reuters

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн ўпершыню выступіў перад членамі абедзвюх палат Кангрэса. У чацвер, 29 красавіка, спаўняецца 100 дзён з моманту, як ён прыступіў да працы кіраўніка дзяржавы. ​​​​​

Байдэн прызнаўся, што яму прыемна зноў вярнуцца ў гэтую залу. З 1973-га па 2009 ён быў сенатарам, і слухаў аналагічныя звароты прэзідэнтаў ад Джэральда Форда да Джорджа Буша-малодшага. Нямецкае выданне Die Welt адзначае, што ў зале праз абмежаванні, звязаныя з COVID, было ўсяго каля 200 чалавек. У дакаранавірусныя часы на штогадовых прэзідэнцкіх выступах у Кангрэсе ЗША прысутнічалі да 500 чалавек.

Байдэн казаў пра тое, што атрымаў у спадчыну "нацыю ў крызісе".

"Найгоршая пандэмія за стагоддзе. Горшы эканамічны крызіс з часоў Вялікай дэпрэсіі. Горшы напад на нашу дэмакратыю з часоў Грамадзянскай вайны", — сказаў ён.

Гаворачы аб нападзе на дэмакратыю ён меў на ўвазе штурм Капітолія 6 студзеня. Аднак цяпер, па словах Байдэна, "Амерыка зноў у руху".

Ён прадставіў свой план развіцця інфраструктуры і стварэння новых працоўных месцаў, заклікаў да зніжэння кошту рецептурных лекаў для амерыканцаў.

"Ахова здароўя ў Амерыцы павінна быць правам, а не прывілеем", — сказаў Байдэн.

Прэзідэнт ЗША таксама анансаваў павышэнне падаткаў для амерыканцаў, якія зарабляюць больш за $ 400 тысяч за год. Казаў ён і пра важнасць вакцынацыі ад COVID  —  з дня яго інаўгурацыі ў краіне было зроблена больш 220 мільёнаў прышчэпак.

На сусветнай арэне, лічыць Байдэн, ЗША знаходзяцца ў стане канкурэнцыі з Кітаем і шэрагам іншых краін за пальму першынства. З Расіяй ЗША могуць супрацоўнічаць, негледзячы на рознагалоссе,  але Вашынгтон пакідае за сабой права рэагаваць на тыя крокі Масквы, якія палічыць недружалюбнымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі