У Беларусі медыкі пагражаюць масава звольніцца

У Беларусі медыкі пагражаюць масава звольніцца

Масавае звальненне медыкаў рыхтуецца ў Беларусі бліжэйшым часам. Пра гэта гаворыцца ў калектыўным звароце, апублікаваным у ТГ-канале "Белыя халаты". Звальняцца рыхтуюцца дактары, медсёстры і работнікі медыцынскіх устаноў.

"У атмасферы беспрэцэдэнтнай хлусні, беззаконня і рэпрэсій з боку ўладаў у дачыненні да людзей мы не маем больш маральных сіл заставацца ў ранейшым фармаце заклікаў да разважнасці ў відэазваротах і подпісах", — тлумачаць яны свой учынак.

Медыкі адзначаюць, што пачуццё бяссілля і бездапаможнасці ў сённяшняй Беларусі вельмі прыгнятае іх. Страйкаваць яны не маюць права, таму звальненне — адзінае, што яны могуць зрабіць.

Заявы на звальненне плануецца занесці на працягу гэтага тыдня — з 16 па 22 лістапада. Паводле Працоўнага кодэкса, звольніцца яны змогуць праз 30 дзён. "За гэты час у дзяржавы і адміністрацыі будзе час, каб так ці інакш вырашыць гэтае пытанне. Пайсці на выкананне народных патрабаванняў, або могуць таксама штрэйкбрэхераў запрасіць працаваць, бо, як нам кажуць, усе мы лёгка заменныя... Нават у перыяд пандэміі", — дадаюць медыкі.

Тым, хто не можа звольніцца з аб'ектыўных прычынаў, і маладым спецыялістам, прапануецца італьянскі варыянт:

— не працаваць без належных умоў працы (патрабаваць рэгулярна абнаўляць сродкі індывідуальнай абароны, штодзённую змену рабочага адзення, лімітаваны працоўны дзень, нармаваную колькасць пацыентаў);

"— пераходзіць на адну стаўку або менш;

— выдаваць бальнічныя лісты і льготныя рэцэпты, зыходзячы з патрэб пацыента, а не ілжывай статыстыкі;

— лячыць пацыента ў стацыянары столькі, колькі неабходна для яго выздараўлення, а не колькі запланавана;

— падаваць для справаздачнасці толькі рэальныя даныя".

Медыкі адзначаюць, што іх патрабаванні вядомыя, пад імі падпісаліся 5000 чалавек. Яны патрабавалі спыніць гвалт на вуліцах і правесці новыя прэзядэнцкія выбары.

Медыкі прымаюць актыўны ўдзел у сёлетніх вулічных пратэстах, у тым ліку ладзяць свае акцыі. Напрыклад, за падтрымку пратэстаў акадэмік Аляксандр Мрочак быў звольнены з пасады дырэктара РНПЦ "Кардыялогія". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі