Аляксандр Рар: Захад згодны весці перамовы з атачэннем Лукашэнкі

Прызначэнні Юрыя Жадобіна і Уладзіміра Макея на высокія кіруючыя пасады выклікала гарачыя абмеркаванні. Беларускія аналітыкі ўбачылі ў гэтым паварот да Еўропы і прадвесце вестэрнізацыі. Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца, што думаюць на гэты конт замежныя адмыслоўцы. Нямецкі палітолаг-міжнароднік, сябра Савета па знешняй палітыцы ФРГ Аляксандр Рар стаў першым чалавекам, якому на пачатку 2007 года Лукашэнка прызнаўся ў накіраванасці Беларусі на шлях збліжэння з Еўрасаюзам. На яго думку, прызначэнне на пасаду кіраўніка Савета Бяспекі былога шэфа КДБ Юрыя Жадобіна з’яўляецца правільным з пункту гледжання аўтарытарнага кіраўніка, якім з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Рар: “Гэта правільны падыход аўтарытарнага лідэра – перасоўваць кадры з адной пасады на другую, не звальняючы іх, набліжаючы іх, але не пакідаючы занадта доўга на адной пасадзе, дзе яны могуць набыць пэўную палітычную магутнасць”.

Па словах нямецкага палітолага, Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб у прыватызацыі маёмасці Беларусі ўдзельнічалі не толькі расійскія алігархі, але і заходні капітал. І таму імкнецца ўвесці ў сваё атачэнне такіх людзей, якія могуць выглядаць “празаходнікамі”.

Аляксандр Рар: “Лукашэнка ўжо два гады мэтанакіравана вядзе палітыку ў бок Еўрасаюза. Ён хоча, каб еўрапейскія фірмы таксама прыйшлі ў Беларусь і ўдзельнічалі ў прыватызацыі дзяржмаёмасці. Гэта правільна, бо ён не хоча залежаць толькі ад Масквы ў эканамічным плане. І сапраўды, ёсць шмат заходніх фірм, якія з цікаўнасцю назіраюць за тым, што адбываецца ў Беларусі. Адпаведна, у беларускім кіраўніцтве неабходна расставіць чыноўнікаў і структуры такім чынам, каб яны былі накіраваныя з аднаго боку на ўмацаванне саюзу з Расіяй, але з другога – умець гаварыць з Захадам. І такія празаходнія чыноўнікі ўжо ёсць у беларускім кіраўніцтве".

Сябра Савета па знешняй палітыцы ФРГ не выключае таго, што Аляксандр Лукашэнка разглядае магчымасць перадачы ўлады свайму сыну Віктару. Яму, у такім выпадку, проста неабходна мець сваю “групоўку”. І яна зараз фармуецца і прыходзіць да ўлады. Праўда, кажа палітолаг, пад патранажам бацькі.

Аляксандр Рар: “Сапраўды, вакол Віктара Лукашэнкі фармуецца пэўная каманда палітычных монстраў, якім давядзецца кіраваць краінай – гэта як адзін з варыянтаў! – калі Лукашэнка пойдзе на спакой альбо калі яму ўсё гэта надакучыць”.

Палітолаг кажа, што Захад адмоўна ставіцца да асобы Лукашэнкі, але згодны весці дыялог з яго атачэннем. Асабліва з улікам таго, што рэдка калі страта ўлады кіраўніком прыводзіла да страты ўлады былой кіруючай эліты.

Аляксандр Рар: “Заўсёды рэшткі папярэдняй эліты ўзначальвалі структуры ўлады і ўраду. Таму Захад зацікаўлены ў тым, каб з’яўляліся людзі новага тыпу, асабліва мэнеджэрскага, якія накіраваныя на супрацоўніцтва з Захадам, і размаўляць з імі адкрыта і сумленна”.

Сам факт існавання нейкай “групоўкі Віктара Лукашэнкі” палітычны аглядальнік з расійскага Фонда эфектыўнай палітыкі Юрый Шаўцоў назваў міфам. На яго думку, сын прэзідэнта ніколі не выконваў і не прэдэнтаваў на іншую ролю, чым тая, якую адвёў яму бацька – быць каналам сувязі паміж ім і структурамі, якія дазваляюць яму “арыентавацца ў навоколлі”. А вакол такога “канала” сапраўды моцная групоўка сфармавацца не можа.

Юрый Шаўцоў: “Безумоўна, вакол такога “канала сувязі” фармуецца нейкая група, тусоўка, складзеная паводле асабістых сімпатый. Але гэта група па вызначэнні не можа быць моцнай групоўкай. Бо ў яе не можа быць нейкага рэсурсу, большага, чым давер прэзідэнта да свайго сына. Ды і па сваёй палітычнай біяграфіі Віктар Лукашэнка ніколі не выконваў задач, роўных тым, якія выконваў, да прыкладу, Жадобін”.

Матывацыю новых прызначэнняў палітычны аглядальнік назваў чыста апаратнай. Прычым, ён выключыў магчымасць нейкай кланавасці ў гэтых прызначэннях. Што ж тычыцца ўспрымання зменаў у атачэнні прэзідэнта, то, кажа, замежныя партнёры прымуць іх станоўча.

Юрый Шаўцоў: “Гэтыя прызначэнні хутчэй за ўсё зробяць станоўчае ўражанне. Не таму, што разбіраюцца ў нашай сітуацыі, а таму, што ім так хочацца гэта ўспрымаць. Глядзіце – Макей, малады чалавек, не публічны, нібыта з групоўкі Віктара Лукашэнкі… Карацей, зміфілагізуюць тое, што мае іншую матывацыю».

Даведка Еўрарадыё:

Юры Жадобін нарадзіўся ў 1954 годзе ў Днепрапятроўску. Ва Узброеных Сілах з 1972 года. Скончыў Казанскую вышэйшую танкавую вучэльню, камандны факультэт Ваеннай акадэміі бранятанкавых войскаў у Маскве. Генерал-маёр.

З 1990 па 1999 служыў на камандных пасадах у сістэме Грамадзянскай абароны Беларусі, унутраных войсках МУС Беларусі.

З 1999 году займаў пасаду намесніка міністра ўнутраных спраў – камандуючага ўнутранымі войскамі. З 2003 – начальнік Службы бяспекі прэзыдэнта. У 2007 быў прызначаны старшынёй КДБ.

Уладзімер Макей нарадзіўся ў 1958 годзе ў Гродзенскай вобласці. Закончыў Інстытут замежных моў, вучыўся ў аўстрыйскай дыпламатычнай акадэміі.

З 1980 да 1992 году служыў у войску, у вайсковай контрвыведцы, палкоўнік запасу. З 1993 году – у МЗС Беларусі. З 1996 па 1999 – прадстаўнік Беларусі пры Савеце Еўропы, пазней -- начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС. З 2000 – памочнік А.Лукашэнкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі