Аляксандр Мілінкевіч стварае Савет еўрапейскай інтэграцыі

Лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч ініцыюе стварэнне Савета еўрапейскай інтэграцыі (СЕІ). Плануецца, што ў СЕІ ўвойдуць грамадскія дзеячы, палітыкі і эксперты, якія дэкларуюць ідэі еўрапейскага выбару Беларусі.
"Савет еўрапейскай інтэграцыі — прадстаўніча-назіральны орган, галоўнымі задачамі якога з'яўляюцца распрацоўка стратэгічнага бачання еўрапейскай інтэграцыі Беларусі, вызначэнне канкрэтных палітычных, эканамічных, інстытуцыянальных, заканадаўчых і інфармацыйных дзеянняў, неабходных для ўстанаўлення еўрапейскіх стандартаў і падрыхтоўкі Беларусі да членства ў ЕС", — тлумачыць прэс-служба Мілінкевіча.

Паводле слоў самога палітыка, савет павінен стаць "аўтарытэтным грамадскім цэнтрам, што аб'яднае патэнцыял розных палітычных і грамадскіх сіл, якія станоўча ставяцца да ідэі еўрапейскага выбару Беларусі".

Першае пасяджэнне савета запланавана на 10 кастрычніка. Запрашэнні да ўдзелу ў ім накіраваны лідэрам палітычных партый, грамадскім дзеячам, праваабаронцам і экспертам. Папярэднюю згоду на ўдзел у пасяджэнні далі Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Навасяд, Павел Севярынец, Алесь Міхалевіч, Алег Новікаў, Ігар Рынкевіч, Людміла Гразнова і іншыя палітычныя і грамадскія дзеячы Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі