Аляксандр Квасьнеўскі: Бушу, Лукашэнку і Мядзведзеву не трэба ехаць у Пекін

Былы прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі ў інтэрв'ю Еўрарадыё разважае пра тое, якім чынам Еўропа і ЗША маглі б падштурхнуць урад Кітаю да перамоваў з Далай-Ламай напярэдадні адкрыцця ў Пекіне Алімпійскіх гульняў. Аляксандр Квасьнеўскі: "Я быў і спартоўцам, і старшынём Алімпійскага камітэту. Я - палітык, і з майго пункту гледжання дзве рэчы застаюцца па-за дыскусіяй. Першае: спартоўцы павінны ехаць на Алімпіяду. Бо гады падрыхтоўкі, цяжкае працы, пасвячэння нельга змарнаваць.

З павагі да шматгадовых высілкаў, я апэляваў бы да ўсіх спартоўцаў свету: едзьце на Алімпіяду, змагайцеся адпаведна правілам fair play і радуйцеся медалям. Гэта не спартоўцы выбралі Пекін за месца правядзення Алімпіяды. Алімпіяда – не для палітыкаў, Алімпіяда не для вырашэння праблемаў асобных рэгіёнаў. Гэта - свята спорту, ўвасабленне ідэі міру і сяброўства.

Другое - што мы павінны зрабіць як палітыкі. Мы ўсе – пачынаючы ад мяне да прэзідэнта Буша, уключаючы прэзідэнта Лукашэнку, Еўрасаюз, прэзідэнта Мядзведзева – павінны заявіць, што мы на адкрыццё Алімпіяды не едзем. Гэта будзе праблемай для ўрада Кітаю, але да жніўня 2008 г. ёсць некалькі месяцаў на вырашэнне палітычных праблем, на перамовы.

Я магу сабе ўявіць, як праз некалькі месяцаў на гэтую ўрачыстаць адкрыцця Алімпіяды – цудоўную, прыўкрасную, я браў удзел не ў адной з такіх урачыстасцяў – мы пасля перамоваў паедзем, а там прысутнічае і Далай-лама. Вы сабе ўяўляеце большы поспех алімпійскіх ідэяў – побач з прэзідэнтамі Кітаю, Амерыкі, Нямеччыны, Расіі, Францыі, стаіць Далай-Лама. Гэта была б цудоўная карціна".


У хуткім часе на нашым сайце з'явіцца поўны тэкст інтэрв'ю з экс-прэзідэнтам Аляксандрам Квасьнеўскім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі