Вы тут

Аляксандр Кныровіч у "Амерыканцы" схуднеў, шмат чытае і піша артыкулы

Аляксандр Кныровіч. Фота: TUT.by

Ідзе трэці месяц, як бізнесмен Аляксандр Кныровіч знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ. За гэты час кіраўнік групы кампаній "Сармат-СТІ" згубіў некалькі кілаграмаў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў Станіслаў Кныровіч, бацька затрыманага прадпрымальніка:

"Тое, што ён вагу скінуў — гэта само сабой. Але, кажа, цяжка гэта, бо харчаванне добрае".

Бацька і сын увесь час лістуюцца. Аляксандр Кныровіч піша, што сядзіць з "эканамічнымі" — хлопцаў з "Белага легіёна", затрыманых па "справе патрыётаў" у канцы сакавіка, трымаюць у іншых камерах.

Напісаць зняволенаму бізнесоўцы можа кожны, адрас такі: 220000, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня №8, Кныровічу Аляксандру Станіслававічу. Ён вельмі рад лістам.

Тым часам, нягледзячы на затрыманне кіраўніка, кампанія Кныровіча працуе. "Мяркуючы па ўсім, нікому не цікава, каб завод спыніўся. Такой мэты, ліквідаваць "Сармат", — няма. Бо гэта і заробкі рабочым, і падаткі. І нават калі будуць нейкія штрафныя санкцыі — дык адкуль грошы браць? — дадае Станіслаў Кныровіч, які цяпер, фактычна, кіруе прадпрыемствам сына. — Усе кампаніі, якія ўваходзяць у групу кампаній, займаюцца сваімі справамі. Трубы вырабляюцца, трубы прадаюцца, тэндары выйграюцца. Нічога не змянілася. Вось толькі кіраўніка няма...

Але, калі паглядзець на гэтую сітуацыю з іншага боку, гэта значыць, што Аляксандр — добры кіраўнік. Як я напісаў яму: людзі, якіх ён падабраў, знаходзяцца на сваіх месцах. Ніхто не пачаў звальняцца, ніхто не пабег".