Аляксандр Фядута: "Калі няма грошай, прыходзіць дэмакратыя”

Сёння ў газетных кіёсках зноў можна купіць “Народную волю” і “Нашу ніву”. За сваіх калегаў парадаваліся амаль усе незалежныя СМІ. Дзяржаўная прэса прадказальна адмаўчалася... А кіяскёршы паціху пачынаюць прывыкаць да “новых” выданняў.
Усё пачалося з Мінскага форуму, які нядаўна прайшоў у беларускай сталіцы. Першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі выйшаў да мікрафону і запытаўся ў кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея:

— Калі ў беларускіх кіёсках мы зможам купіць газету “Народная Воля”?

Адказ Макея на гэта быў досыць абцякальным: "Пазітыўныя крокі будуць абавязкова, і яны будуць тычыцца таксама сітуацыі на медыйным рынку". Атрымалася, што слова сваё ён стрымаў.

"Народная воля" вярталася ў кіёскі вельмі павольна, што не паспявала за выказваннямі адказных чыноўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта. На пачатку тыдня памочнік прэзідэнта па ідэялогіі Ўсевалад Янчэўскі зрабіў сенсацыйную заяву, якую распаўсюдзіў "Інтэрфакс":

"Народная воля" і "Наша Ніва" вярнуліся ў сістэму дзяржаўнага распаўсюду перыядычных сродкаў масавай інфармацыі. Яшчэ на мінулым тыдні гэтыя газеты з'явіліся ў кіёсках".

На той момант ні “Нашу ніву” ні “Народную волю” ў кіёсках не прадавалі. А словы чыноўніка тым часам перадрукавалі шматлікія расійскія і ўкраінскія агенцтвы навінаў. Сярод іншых, інтэрнэт-выданне KorrespondenT.net:

“Як паведаміў памочнік прэзідэнта Беларусі па ідэялогіі, яшчэ на мінулым тыдні гэтыя газеты з’явіліся ў кіёсках "Саюздруку". У перспектыве спіс дазволеных апазіцыйных газетаў тожа быць пашыраны, паабяцаў Янчэўскі. На працягу некалькіх апошніх гадоў гэтыя газеты не прадаваліся ў сістэме Белсаюздруку і не распаўсюджваліся па падпісцы”.

Фантазіі спадара Янчэўскага дзівілася “Наша Ніва” у артыкуле пад назвай “Янчэўскі і "Інтэрфакс" знайшлі "НН" і "Народную волю" ў кіёсках”:

“Магчыма, праз пару месяцаў ці гадоў маеце шанец знайсьці нашы газэты ў кіёсках і Вы, шаноўныя чытачы. Па стане на 24 лістапада ніводная дамова на распаўсюд ані "НН", ані "Народнай волі" не падпісаная”.

Адзначым, што "Народная воля" з'явілася ў газетных кіёсках толькі 27-га чысла. За тры гады яе адсутнасці кіяскёршы гэтую газету паспелі падзабыць.

“Раней нам такую газету не прывозілі...”, — казалі яны карэспандэнцы інтэрнэт-выдання “Салідарнасць”. Добра, што хоць “Нашу ніву” не блыталі з афіцыйнай “Беларускай нівай”, як тое рабілі на літоўскім інфармацыйным рэсурсе DELFI:

“Беларускія ўлады пасля патрабаванняў Еўрасаюза дазволілі апазіцыйным газетам “Народная воля” і “Беларуская ніва” (!) друкавацца ў краіне”.

Цікавае меркаванне выказаў наконт вяртання газетаў у “Белсаюздрук” палітычны аглядальнік Аляксандр Фядута. У інтэрв’ю BBC спадар Фядута сказаў, што газеты вярнулі, таму што яны не ўяўляюць ніякай небяспекі існуючай уладзе:

“Рэдактары, якія аднойчы згубілі магчымасць друкавацца і легальна распаўсюджвацца ў Беларусі, цяпер будуць вельмі асцярожныя, каб зноўку не апынуцца выкінутымі. А ўвогуле прыгадайце, што адбывалася ў Савецкім Саюзе, калі абваліліся кошты на нафту. Прыблізна тое ж адбываецца цяпер і ў нас: калі няма грошай, прыходзіць дэмакратыя”.

А вось былая “любімая апазіцыянерка прэзідэнта” Вольга Абрамава лічыць, што ўлады рыхтаваліся загадзя да гэтага кроку. І забаранялі распаўсюд газет наўмысна, каб было чым гандляваць пасля. Пра гэта былая дэпутатка напісала ў сваім блогу.


Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі