Алесін: Толькі ў якасці міратворцаў беларусы могуць прыехаць у Нагорны Карабах

Алесін: Толькі ў якасці міратворцаў беларусы могуць прыехаць у Нагорны Карабах

Прадстаўляючы ў Авальнай зале дэпутатам парламента праект новай Ваеннай дактрыны Беларусі, міністр абароны Андрэй Раўкоў папярэджвае:

“Мы паважаем суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць усіх дзяржаў, пакуль гэта не супярэчыць інтарэсам, якія маем мы ў плане захавання бяспекі нашай дзяржавы”.

Ад пытання, ці прадугледжваецца новай дактрынай удзел беларускіх вайскоўцаў у канфліктах за мяжой, міністр адмахваецца: маўляў, што пра гэта казаць — прэзідэнт Лукашэнка не аднойчы на гэты конт выказваўся.

Сапраўды, кіраўнік Беларусі заяўляў, што беларуская армія браць удзел у ваенных дзеяннях за мяжой ніколі не будзе. Але калі раней асаблівай рэакцыі за межамі Беларусі гэтая пазіцыя не выклікала, то ўсё змяніла чарговае “размарожванне” канфлікту ў Нагорным Карабаху паміж Арменіяй і Азербайджанам.

 Як вядома, і Арменія, і Беларусь з’яўляюцца сябрамі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. А ў адпаведнасці з яе статутам, “у выпадку ажыццяўлення агрэсіі ў дачыненні да любой з дзяржаў-удзельніц усе астатнія дзяржавы-ўдзельніцы па просьбе гэтай дзяржавы-ўдзельніцы неадкладна дадуць ёй неабходную дапамогу, у тым ліку і ваенную, а таксама акажуць падтрымку сродкамі, якія знаходзяцца ў іх распараджэнні, у парадку ажыццяўлення права на калектыўную абарону”.

Гэта азначае, што калі, да прыкладу, Арменія як сябра АДКБ звернецца па дапамогу і рашэнне аб такой дапамозе будзе прынятае, то Беларусь мусіць накіраваць сваіх ваенных у Нагорны Карабах. Менавіта таму заява міністра абароны Раўкова ў парламенце 4 красавіка выклікала негатыўны рэзананс у… армянскіх СМІ. Праўда, пакуль негатыўныя выказванні накшталт “нож у спіну Арменіі з боку саюзніка” гучаць ад экспертаў, а не ад афіцыйнага Ерэвана.

Па словах ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, беларуская Канстытуцыя вышэйшая за ўсе падпісаныя дамоўленасці. А ў ёй прапісана дакладна: “Беларускія вайскоўцы не могуць браць удзел у ваенных дзеяннях за межамі Беларусі”.

“Гэта норма была прапісаная ў Канстытуцыі да таго, як была падпісаная Дамова АДКБ. А наш удзел у АДКБ не павінен супярэчыць нашай Канстытуцыі. Менавіта таму Лукашэнка адразу сказаў, што наша зона адказнасці ў межах АДКБ — гэта тэрыторыя Беларусі. Заходні рубеж АДКБ. І мы будзем выконваць сваю задачу толькі тут — на тэрыторыі Беларусі. Так што занадта яны там у Арменіі з гэтай нагоды нажамі раскідаліся”, — тлумачыць Аляксандр Алесін.

Тым не менш, з’яўленне беларускіх ваенных на тэрыторыі армянска-азербайджанскага канфлікту магчымае. Праўда, толькі ў выглядзе міратворцаў і ў складзе адпаведнай групоўкі АДКБ — пасля спынення канфлікту.

“З гэтай мэтай вызначаныя адпаведныя кантынгенты ў Беларусі: гэта дзве брыгады — адна армейская, другая — спецназ МУС. Таксама ёсць пэўныя сілы ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях — медыцынскі персанал найперш. І сілы для паліцэйскіх аперацый — для падтрымання ў зоне міратворчай аперацыі закону і парадку. Усе гэтыя людзі падаюць асабістыя заявы кіраўніку Беларусі, які кожнаму з іх дае свой дазвол на ўдзел у такой міратворчай аперацыі. Але галоўная ўмова — усе яны павінныя быць кантрактнікамі-прафесіяналамі”, — кажа ваенны эксперт.

Асобныя гарачыя галовы ў Арменіі заклікаюць сваё кіраўніцтва выйсці з АДКБ. Маўляў, “лепш не мець ніякіх саюзнікаў, чым такіх, як Беларусь і астатнія краіны-ўдзельніцы АДКБ, якія ніяк не падтрымалі Ерэван у канфлікце”. Сапраўды, беларускі МЗС абмяжоўваецца заклікам устрымлівацца ад прымянення сілы абодвума бакамі і словамі, што “праблема Нагорнага Карабаха можа быць вырашаная выключна мірным шляхам і толькі ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права”.

МЗС Казахстана таксама выказвае сур’ёзную заклапочанасць, заклікае да стрыманасці і спадзяецца на дасягненне прагрэсу па ўрэгуляванні канфлікту.

МЗС Кыргызстана заклікае “абодва бакі тэрмінова сесці за стол перамоў”.

МЗС Таджыкістана ўвогуле абышоўся без заяў на тэму гэтага канфлікту.

Нават МЗС Расіі абмежаваўся некалькімі фразамі на тэму “крайняй заклапочанасці абвастрэннем абстаноўкі” і заклікам бакоў “да стрыманасці і спынення баявых сутыкненняў”.

А як жа прынцып “нашых б’юць”, паводле якога свайго бароняць, нават калі ён не мае рацыі? У дадзенай сітуацыі ён не працуе, тлумачыць Алесін. Рэч у тым, што ў нагорна-карабахскім канфлікце няма відавочнай рацыі і не рацыі: і Баку, і Ерэван адзначыліся парушэннем пэўным норм міжнароднага права. Зараз станавіцца на бок некага з удзельнікаў канфлікту небяспечна — лепш прыняць пазіцыю “па-над бойкай”.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі