Алесь Пушкін просіць пакараць старшыню сельсавета за знішчаную "Пагоню"

У Дзень Волі Алесь Пушкін выставіў на вуліцы Бабра свае карціны і стаў маляваць карціну "Свабода". Падобныя акцыі мастак ладзіць у Бабры 25 сакавіка штогод. Аднак старшыня сельсавета груба сарваў мастацкі пленэр.





Алесь Пушкін: "Старшыня сельсавета сарваў карціну "Свабода", якую я пішу 20 год. Сарваў "Пагоню", як Ціцянкоў перад тэлекамерамі, паламаў яе... Я сёння падаў заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы па артыкуле 344-м, бо "Пагоня" — гэта нематэрыяльная каштоўнасць нашая, гісторыка-культурная".





Акрамя таго, Пушкін мяркуе, што ў дзеяннях старшыні сельсавета пракуратура можа ўбачыць і хуліганства. Мастака здзіўляе, што чыноўнік, які мае дзве вышэйшыя адукацыі, мог таптацца нагамі па карцінах.





Алесь Пушкін падаў заяву не толькі ў пракуратуру. Ён таксама падрыхтаваў зварот да старшыні Саюза мастакоў Рыгора Сітніцы, які плануе перадаць сёння.