Вы тут

Алене Гнаўк прад'явілі абвінавачванне па крымінальнай справе за карагод

Алена Гнаук / БГ

63-гадовай жыхарцы вёскі ткачы Пружанскага раёна Алене Гнаук прад'явілі абвінавачванне па крымінальнай справе за карагод. Жанчыне пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі, піша "Брэсцкая газета".

13 верасня ў Брэсце прайшла маштабная акцыя пратэсту, якая скончылася карагодам на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава. Сілавікі жорстка разагналі пратэстоўцаў. УСК па Брэсцкай вобласці пасля ўзбудзіла крымінальную справу аб масавых беспарадках.

Алена Гнаук — адна з абвінавачаных, якія "наўмысна прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". З-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон у 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек. Па справе праходзіць каля 50 чалавек.

Гнаук не адмаўляе, што ўдзельнічала ў акцыі пратэсту, але віну не прызнае. Па яе словах, яна не перакрывала дарогу. Пакуль што жанчыне працягнулі падпіску аб нявыездзе.

Першыя суды па "справе карагодаў" пачнуцца 20 студзеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.