Алена Анісім: Разумнай уладзе заўсёды патрэбныя разумныя людзі

Алена Анісім: Разумнай уладзе заўсёды патрэбныя разумныя людзі

Намеснік старшыні “Таварыства беларускай мовыАлена Анісім перамагла на выбарах у Палату прадстаўнікоў па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе. Яшчэ да падвядзення вынікаў галасавання цяпер ужо дэпутат падзялілася ў эфіры Еўрарадыё планамі на першыя законапраекты ды новымі захапленнямі падчас выбарчай кампаніі. Прыводзім пяць асноўных цытат Алены Анісім:

“Па праўдзе кажучы, я сябе не адношу да нейкай пэўнай структуры. Я проста грамадзянка, якая працуе ў дзяржаўнай навуковай установе, якая мае свае погляды, і я іх не хавала ва ўсе гады актыўнага грамадскага жыцця. Сваю пазіцыю я заўсёды агучвала і прымушала лічыцца з ёй. За гэта мяне і паважалі ва ўсе часы. Але гэта не значыць, што мяне неяк недзе прасоўвалі. Хутчэй, наадварот адсоўвалі. Але менавіта на гэтым я і стаю”.

Алена Анісім прызналася, што канкурэнты па акрузе ў яе моцныя. Але, калі параўноўваць працу з выбарцамі, то яна, безумоўна, чэмпіён.

“Разумнай уладзе заўсёды патрэбныя разумныя людзі. Наколькі ўлада разумная — пытанне не да мяне, але я спадзяюся, што ва ўладзе дастаткова разумных людзей. Ва ўсялякім разе, тое, што наша краіна існуе і нейкім чынам яшчэ спрабуе сябе дыстанцыяваць ад пэўных вялікіх гульцоў, сведчыць пра тое, што разумныя людзі ёсць. Я зыходжу з таго, што я прадстаўнік той часткі народа, якая мае альтэрнатыўную думку і гатовая яе адстойваць вуснамі свайго прадстаўніка на самым высокім дзяржаўным узроўні”.

“Мой першы закон падрыхтавала наша “Таварыства беларускай мовы” — “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”. Так што, менавіта яго і будзем прасоўваць у першую чаргу. Што тычыцца камісій, то я б хацела бачыць увесь склад нашага парламента і тады ўжо вырашаць. Я маю непасрэднае дачыненне да адукацыі і культуры, мы працуем над стварэннем нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай. Таму гэтая тэма мне блізкая. Але ёсць жа і шмат іншых цікавых пытанняў і праблем, якія трэба вырашаць. Таму пытанне адкрытае. Але, калі ў камісію па культуры і адукацыі пойдзе Улаховіч, то я пайду ў эканоміку”.

“Падчас перадвыбарчай кампаніі я адкрыла для сябе існаванне футбольнага клуба ў Гарадзеі. Ён упершыню сёлета патрапіў у вышэйшую лігу, і мне было цікава паназіраць за іх гульнёй. У пэўным сэнсе я стала перажываць за іх. Такім чынам я яшчэ адкрыла для сябе і тую культуру, якая існуе сёння на футбольных матчах. Мяне парадавала тое, што пануе на стадыёне, парадавала тое, што ёсць клуб фанатаў, ды і колькасць людзей на трыбунах таксама парадавала. Бачна, што ёсць каманда, яна расце і я б хацела пажадаць, каб каманда “Гарадзея” дасягнула самых вяршыняў у футболе”.

“Паставіць адзнаку за працу Цэнтрвыбаркама падчас гэтых выбараў мне складана. Але сваёй камісіі, з якой я непасрэдна кантактавала, магу паставіць чацвёрку па пяцібальнай сістэме. Бо ў мяне ўсё ж ёсць пэўныя пытанні і прапановы да іх. А самой сабе за кампанію я б паставіла дзевяць па дзесяцібальнай сістэме. І, натуральна, сваёй камандзе таксама паставіла б дзевяць балаў”.

Алена Анісім зноў завітае ў студыю Еўрарадыё, але ўжо ў якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Прамы эфір з ёй пачнецца ў 13:00. Спіс усіх гасцей сённяшняга эфіру сожна паглядзець тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі