Алег Воўчак: Дзеянні невядомых у цывільным павінен праверыць генпракурор!

Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч днямі заявіў, што міліцыянты, калі забяспечваюць грамадскі парадак, павінныя карэктна ставіцца да ўдзельнікаў супрацьпраўных дзеянняў. Па магчымасці — прадстаўляцца і тлумачыць грамадзянам наступствы, якія пацягне невыкананне заканадаўства.

Ці будуць мець гэтыя словы Васілевіча нейкі ўплыў на невядомых у цывільным? Пра гэта Еўрарадыё запыталася ў праваабаронцы Алега Воўчака.

Алег Воўчак: “Я лічу, што выступленне Рыгора Васілевіча вельмі слабенькае з такім каментаром. Ён павінны быў распачаць праверку па масавых фактах затрыманняў, па грубым ужыванні фізічнай сілы. І не проста гэта зрабіць каментаром, а ўнесці прадстаўленне ў МУС, у КДБ. Па нашым альтэрнатыўным расследаванні, мы прыйшлі да высновы, што там прысутнічала зборная каманда ў цывільным. Там не толькі супрацоўнікі міліцыі былі, але і шмат невядомых.

У адпаведнасці з законам, любы супрацоўнік міліцыі абавязаны перад тым як затрымаць, прадставіцца, ён павінны заявіць галосна, што ў выпадку непадпарадкавання законным патрабаванням вы будзеце затрыманы. Фізічная сіла прымяняецца толькі ў тым выпадку, калі ёсць небяспека іншым грамадзянам ад гэтага грамадзяніна ці, у прыватнасці, службовым асобам. Але тое, што адбывалася на гэтых акцыях усе гэтыя дні, гэта называецца перавышэнне ўлады. Гэта ўвогуле павінна узбуджацца крымінальная па факце і па кожнаму разбірацца, хто наносіў удары. На фотаздымках відаць, што людзей, якія амаль не супраціўляюцца, па чатыры па пяць чалавек па зямлі цягнуць, за валасы круцяць. Што гэта такое!? Супрацоўнік міліцыі не павінны прыніжаць годнасць чалавека, ён павінны прымяніць такія прыёмы самаабароны, каб не наносіць цялесных пашкоджанняў. Гэта паказвае нізкі ўзровень супрацоўнікаў міліцыі, якія ажыццяўляюць гэтыя рэйды па захопу людзей”.

Еўрарадыё: У словах Васілевіча прысутнічае такая фраза наконт таго, што гэтыя цывільныя павінны прадстаўляцца. Ён кажа: “Папярэдне, калі дазваляе сітуацыя, трэба прадстаўляцца”. Гэты выраз, “калі дазваляе сітуацыя”, ён ўвогуле мае права прысутнічаць у гэтых словах ці не?

Алег Воўчак: “На ўсіх акцыях у адпаведнасці з законам “Аб органах унутраных спраў” павінны прысутнічаць супрацоўнікі міліцыі толькі ў форме, толькі з бэйджыкамі. А не так – у спартовых трыко. Гэта больш нагадвае “братву”, чым супрацоўнікаў міліцыі. Яны павінны ў любым выпадку прадстаўляцца. Увогуле, я не разумею навошта ў такой колькасці іх задзейнічалі, быццам бы каб адмыслова правакаваць грамадзянаў на нейкае супраціўленне. Вам не здаецца, што гэта рабілася спецыяльна, каб справакаваць бойку і каб пасля абвінаваць мірную акцыю, што былі зноў беспарадкі ў горадзе Мінску? Я хачу заклікаць людзей, каб яны не паддаваліся на гэтыя правакацыі. Бо ў дадзенай сітуацыі тут закон будзе супраць іх. Генпракурора трэба заклікаць, каб ён неадкладна правёў пашыраную калегію з МУС. І каб на такіх акцыях толькі ў формах прысутнічалі або спецназ, або звычайныя супрацоўнікі паставой службы”.

Еўрарадыё: Тым не менш, Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч, хаця і ў мяккай форме, але асудзіў дзеянні людзей у цывільным, якія не прадстаўляюцца. Але з вашых словаў вынікае, што Генпракуратура не выконвае сваіх абавязкаў, ці правяльна я вас зразумеў?

Алег Воўчак: “Правільна. У законе аб пракуратуры сказана, што ў выпадку парушэння асноўных правілаў свабод, Генеральная пракуратура павінна не проста ўмяшацца, а ўнесці прадстаўленне або распачаць крымінальныя справы. У дадзеным выпадку, гэта практыка паўтараецца з 2006 года, калі я звяртаўся ў Генеральную пракуратуру па тэме “хапуна”, каб яны распачалі крымінальную справу. Яны не распачалі. Задача пракурора зараз не проста галаслоўна нешта сказаць, а распачаць нармальную пракурорскую праверку і не цягнуць час. Бо я бачу па падзеям, што адбудзецца супраціўленне мірных грамадзянаў у дачыненні да гэтых “пераапранутых” супрацоўнікаў. Усе да гэтага ідзе. Пачытайце ў інтэрнэце, што творыцца — людзі ўжо гатовыя ісці на радыкальныя меры, браць з сабой біты, браць кастэты і вылоўліваць іх, а пасля і збіваць. Разумееце да чаго дойдзе?! Зараз у пракуратуры халатнасць і бяздзеянне па сённяшніх падзеях”.

Еўрарадыё: Такім чынам, Васілевіча можна абвінаваціць у бяздзеянні?

Алег Воўчак: “Так. Пракурор па-сапраўднаму даўно павінен быў адрэагаваць у рамках закона аб пракуратуры. Калі адбудзецца першая кроў, віна будзе не на гэтых хлапцах у цывільным, а менавіта на Генпракуроры. Ён павінны несці маральную адказнасць, у першую чаргу, і юрыдычную за тое, што тут адбываецца. Пракурорскія супрацоўнікі прысутнічаюць на гэтых акцыях, 22 чэрвеня я бачыў некалькі супрацоўнікаў з Рэспубліканскай пракуратуры, у прыватнасці і Швед прысутнічаў. Але яны не перашкаджалі, калі людзей запіхвалі ў падземныя пераходы, дзе можна пакалечыцца і атрымаць траўмы як на Нямізе. Яны бачаць гэтую сітуацыю, але ніяк не рэагуюць”.

Фота: Радыё "Свабода".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі