Алег Гайдукевіч: Хай затрымліваюць яшчэ больш

Алег Гайдукевіч: Хай затрымліваюць яшчэ больш

За удзел акцыях супраць дэкрэту №3 агулам па інфармацыі праваабаронцаў былі затрыманыя і пакараныя штрафамі альбо адміністрацыйным арыштам звыш 200 чалавек. За апошнія некалькі дзён яшчэ каля 20 чалавек былі затрыманыя невядомымі ў цывільным. Паводле інфармацыі, гэты людзі цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ, але на якой падставе ― не вядома. Ці могуць супрацоўнікі праваахоўных органаў працаваць у цывільнай вопратцы, а людзей затрымліваць, не называючы сябе? На гэтыя ды іншыя пытанні ў студыі Еўрарадыё адказвае намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі, экс-кіраўнік Фрунзенскага РАУС Мінска Алег Гайдукевіч.

Цалкам размову з Алегам Гайдукевічам можна паслухаць:

Самыя адметныя цытаты з размовы

25 сакавіка ― вялікая гістарычная падзея і калі камуністы маюць права святкаваць дзень народзінаў Леніна і дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, то і іншыя грамадзяне маюць законнае права святкаваць дзень утварэння БНР.

Усе тыя, хто заклікае ці кажа пра тое, што лёс Беларусі, яе дэмакратызацыя, яе развіццё павінны вырашацца на вуліцы ― гэтыя людзі павінны быць прыцягнутыя да адказнасці, бо гэтага дапускаць нельга.

Радыкальная апазіцыя не зацікаўленая ў паляпшэнні адносінаў нашай краіны з Захадам, бо яны ў палітычных працэсах цяпер не ўдзельнічаюць. А магчымасць застацца ў палітыцы ў іх адна ― разгойдваць сітуацыю ў краіне.

Несупадзення па часе, што спачатку кіраўнік краіны сказаў пра затрыманне баявікоў, а потым толькі пачаліся затрыманні, няма: прэзідэнту даклалі, і ён пра гэта сказаў. А калі яму даклалі, то і былі дадзеныя адпаведныя каманды па працы пэўным спецслужбаў ― любыя затрыманні рыхтуюцца загадзя.

Затрымліваць трэба ўсіх, хто заклікае вырашаць лёс краіны праз вуліцы: і тых, хто падтрымлівае Расію, і хто мае погляды, скіраваныя супраць незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны. Усіх трэба затрымліваць! Бо калі мы дапусцім, каб лёс краіны вырашаўся на вуліцы, мы згубім суверэнітэт і нармальнае мірнае жыццё.

Супрацоўнікі міліцыі маюць права працаваць у цывільнай вопратцы ― гэта дазволена законам “Аб міліцыі”, унутранымі інструкцыямі МУС. І падчас затрыманняў дзейнічалі яны правільна, але дзейнічаць трэба больш прафесійна.

Не трэба затрымліваць у тралейбусах ― гэта законна, але непрафесійна.

Называць сябе і прычыну затрымання супрацоўнік міліцыі можа ў залежнасці ад сітуацыі. Калі ёсць такая магчымасць, ён мусіць так рабіць, але калі так рабіць заўжды, то палова б затрыманняў не атрымалася. Бо ў выпадку са злачынцамі, пакуль будзеш называцца, то табе альбо галаву праб’юць, альбо ў дачыненні да цябе нейкія супрацьпраўныя дзеянні ўчыняць.

Не сутыкаўся, каб некаму з праваахоўнікаў выдавалі цывільную форму адзення. Не ведаю, чаму баец АМАП сказаў такое на судзе: гэта альбо такі жарт быў, альбо так адказаў таму, што расхваляваўся.

Мы павінны падтрымліваць нашы спецслужбы. Мы іх шмат крытыкуем, але і дзякуй ім трэба казаць. Бо калі ў нас будуць слабыя спецслужбы, мы незалежнасць і суверэнітэт не захаваем.

Нацбяспека, суверэнітэт краіны ― для мяне самае важнае. Таму, хай затрымаюць яшчэ больш. Хай яны прыцягнуць да адказнасці і за мяжой некага. Але трэба выяўляць тыя сілы, якія не хочуць, каб Беларусь рухалася ў Еўропу, каб у нас была сесія АБСЕ летам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі