Вы тут

Актывістаў, якія зладзілі ў Мінску парад з труной, асудзяць дыстанцыйна

"Трунары, якія танцуюць" у Мінску

Актывістаў “Моладзевага блока” Лізавету Пракопчык і Данііла Лаўрэцкага, затрыманых пасля перформанса з труной напярэдадні парада Перамогі, будуць судзіць праз відэасувязь. Пра гэта Еўрарадыё расказаў сябра “Моладзевага блока” Валер Тамілін.

Пакуль невядома, адбудзецца гэта ў Першамайскім ці Савецкім судзе Мінска, — кажа Тамілін. Сябры затрыманых пакуль не ведаюць, у чым менавіта вінавацяць Пракопчык і Лаўрэцкага, бо па стане на 12:30 11 траўня іх справы яшчэ не былі перададзеныя ў суд.

“Моладзевы блок” звязвае ціск з дзвюма сваімі акцыямі, прысвечанымі параду. 7 траўня маладыя людзі сфатаграфаваліся на плошчы Перамогі на фоне надпісу "Подзвіг народа бессмяротны" з плакатамі, на якіх было напісана "А мы не". 8 траўня актывісты пранеслі па праспекце Незалежнасці труну ў стылі "трунароў, якія танцуюць" з Ганы.

9 траўня сяброў МБ Вераніку Яновіч, Лізу Пракопчык, Данііла Лаўрэцкага і Міхаіла Варанцова затрымалі. Яновіч і Варанцоў пазней былі вызваленыя, а Пракопчык і Лаўрэцкага да суда пакінулі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Гэта ўжо не першыя дыстанцыйныя суды ў Беларусі. Яшчэ 30 красавіка ў Рэчыцы адбыліся два суды з дапамогай відэасувязі — без дастаўкі затрыманых з ізалятара ў залу. Такі спосаб дазваляе мінімізаваць рызыкі распаўсюджвання COVID-19, тлумачаць у МУС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.