Актывіст прапанаваў знесці помнік Леніну у Мазыры

Актывіст дэмакратычнага руху Павел Наздра накіраваў заяву старшыні  Мазырскага раённага савета дэпутатаў Леаніду Пісаніку з прапановай знесці помнік Леніну на цэнтральнай плошчы горада.
 П.Наздра, каардынатар міжнароднай грамадскай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) у Гомельскай вобласці, унёс такую прапанову ў межах Усебеларускай кампаніі "Камунізм — пад трыбунал".

У сваёй адозве актывіст падкрэсліў, што "Уладзімір Ленін з'яўляецца адным з заснавальнікаў антысацыяльнай, антынароднай і крывавай ідэалогіі камунізму, ад якой загінулі многія нашы суайчыннікі як падчас устанаўлення камунізму ў Беларусі ў 1917 г., так і падчас масавых рэпрэсій". Актывіст нагадаў, што камуністычная ідэалогія ва ўсім свеце знішчыла 90 мільёнаў чалавек. Ён лічыць існаванне помніка Леніну "гістарычнай несправядлівасцю і агульнанацыянальнай знявагай". П.Наздра паабяцаў гарадскім уладам, што ўсе расходы па дэмантажы помніка будуць кампенсаваны праз збор ахвяраванняў. Актывіст заявіў, што гатовы стварыць ініцыятыўную групу, якая правядзе апытанне жыхароў горада па гэтым пытанні.
Нагадаем, актывісты "Маладога фронту" выступілі таксама з ініцыятывай зносу помніка Леніну на плошчы Незалежнасці ў Мінску.
БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі