Актывіст дамогся будаўніцтва пандусаў у раённых судах Магілёва

Актывіст дамогся будаўніцтва пандусаў у раённых судах Магілёва
Актывіст Валадар Цурпанаў дамогся будаўніцтва пандусаў у раённых судах Магілёва. За гэта ён змагаўся амаль пяць гадоў. Пандусы з’явяцца каля будынкаў судоў Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў горада.
 
Гісторыя майго змагання за з’яўленне пандусаў каля нашых судоў пачалася ў 2012 годзе, — распавядае сам Валадар Цурпанаў. — Тады старшынёй гарвыканкама быў Станіслаў Барадаўка, якому я накіраваў ліст з дакорам, што суд не мае такой прылады. Я атрымаў адказ, што на 2013 год у план будзе ўключанае дадзенае пытанне, бо праграма па стварэнні безбар’ернага асяродку ў горадзе была разлічаная на 2011-2015 гады”.
 
Грамадскі актывіст адзначае, што, на жаль, на наступны год нічога не змянілася, нягледзячы на тое, што праграма па з’яўленні пандусаў была абласной. Гэта падштурхнула Цурпанава накіраваць звароты да старшыняў раённых судоў, што ў іх установах дагэтуль няма пандусаў. Лісты яны пераслалі ў абласны суд, які ў сваю чаргу перанакіраваў зварот у Міністэрства юстыцыі.
 
З таго часу я кожны год прыходзіў і пакідаў запісы ў кнізе скаргаў і прапаноў судоў і паралельна накіроўваў зварот старшыні Магілёўскага абласнога суда, — працягвае Валадар Цупранаў. — Кожны раз атрымліваў адказы, што будзем гэтым займацца і пытанне перад кімсьці пастаўленае, але, на жаль, нічога не мянялася. І толькі ў 2014 годзе мне адказалі, што пандусы з’явяцца тады, калі пачнецца капітальны рамонт будынкаў судоў. Цяпер ідзе рамонт у судах і будуюцца пандусы. Магчыма, такім чынам мне давалі проста адпіскі, аднак самі ведалі, што пандусы будуць толькі тады, калі будзе рамонт будынкаў”.
 
Цурпанаў дадае, што гэта не адзінае яго дасягненне, якое мела вынік пасля сістэматычных заяў і скаргаў у розныя дзяржаўныя інстанцыі. Напрыклад, тэрыторыя дома, у якім ён жыве, упарадкаваная камунальнымі службамі, а ў цэнтры горада на плошчы Славы камунальнікі нарэшце памылі ліхтары, якія дагэтуль былі амаль чорнага колеру ад бруду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі