Аграном стадыёна "Дынама": У нас усё як у Еўропе, толькі газон не зроблены

Аграном стадыёна "Дынама": У нас усё як у Еўропе, толькі газон не зроблены

Мінскі стадыён "Дынама" пасля рэканструкцыі працягвае выклікаць цікавасць. Аграном Сяргей Біруля распавёў сайту by.tribuna.com пра асаблівасці догляду за газонам на стадыёне.

Па словах Бірулі, палі на "Дынама" даглядаюць сем чалавек, хаця паводле штатнага раскладу іх мусіць быць 11. "Поўную квоту набіраць не плануюць. Дырэктар не разумее, чым яны будуць займацца ўзімку. Хоць я выдатна ведаю, што яны будуць рабіць. Але ён начальнік", — тлумачыць аграном.

Спецыяліст кажа, што работнікаў і насамрэч можа быць менш, але тады патрэбная спецыяльная тэхніка. Між тым, і цяпер на стадыёне няма трактара.

Газон, пасцелены на "Дынама", Біруля характарызуе як "нядрэнны". "Тэхналогія кладкі еўрапейская: аснова пясчаная, затым 5-7 сантыметраў — перамяшаны з пяском ўрадлівы пласт (яго, як мне здаецца, менш, чым трэба) і 3,5 сантыметры — сам рулон з травой. Яшчэ тэхналогія прадугледжвае прашыўку газона штучнымі матэрыяламі для стабілізацыі паверхневага пласта і поўную змену пасля сезону. Натуральна, гэтага ніхто рабіць не будзе. Пакуль эксплуатуем як ёсць, а потым будзем змяняць тэхналогіі догляду", — тлумачыць ён асаблівасці газона.

Па словах спецыяліста, за кошт вялікага пласта пяску добра працуе дрэнаж: хутка сыходзіць вада. Праўда, разам з вадой сыходзяць і пажыўныя элементы. "У Еўропе такое могуць сабе дазволіць, бо газон на адзін сезон. У нас усё як у Еўропе, толькі газон не зроблены", — дадае Біруля. 

Аграном тлумачыць, што газон трэба прашываць спецыяльнай машынай. Рулон і ўрадлівы пласт газона тонкія, а карані ў травы глыбокія: 25-30 сантыметраў. Аднак з-за пяску ім на такой глыбіні няма за што трымацца. "Таму наверсе мусіць быць стабілізатар, каб трава не так багата вырывалася. На добры лад, гэты газон у такім стане — без стабілізуючай сеткі — павінен быў год проста паляжаць, каб сфармаваліся шчыльны верхні пласт і каранёвая сістэма. За гэты час карэньчыкі перапляліся б, і трава стала б мацней", — дзеліцца ён сваім меркаваннем. Аднак кіраўніцтва не збіраецца займацца прашыўкай газона. 

Стабілізаваць яго можна і без прашыўкі — з дапамогай аэратара: спецыяльная машына праколвае газон на глыбіню 15-20 сантыметраў, забірае адтуль пясок, дадае ўрадлівы пласт і ставіць спецыяльную сетку. Такім чынам ствараецца пласт, за які могуць зачапіцца карані травы. "Пасля падобнай працэдуры газон павінен адпачываць ад нагрузак прыкладна месяц, але з-за пастаянных гульняў мы праколваць газон не можам", — тлумачыць аграном. Дарэчы, аэратар на "Дынама" ёсць, але няма трактара, які яго цягаў бы.

Журналісты запыталіся ў Бірулі, ці не пашкодзіць газону тое, што на ім плануюць праводзіць не толькі футбольныя матчы, але і лёгкаатлетычныя спаборніцтвы. "Розніцы ў стане газона пасля футбола або пасля лёгкай атлетыкі няма. Умоўнае кап'ё нічога, акрамя верхняга пласта, не пашкодзіць. Дарэчы, з-за кіданняў падагрэў размешчаны на глыбіні 30 сантыметраў. Для футбола гэта дрэнна", — разважае спецыяліст.

Па яго словах, нагрузкі, якія былі адразу пасля адкрыцця стадыёна, глабальных праблем з полем не стварылі. Аднак аграном кажа, што графік правядзення мерапрыемстваў мусіць быць узгоднены з ім, каб паміж спаборніцтвамі была магчымасць папрацаваць над газонам.

Біруля мяркуе, што на стадыёне "Дынама" спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы амаль не будзе. "Лёгкая атлетыка — галеча. Усе грошы ў футболе. Таму, думаю, ад яе тут будуць адмаўляцца пад разнастайнымі нагодамі", — заяўляе ён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі