Афіцыйны Мінск пагадзіўся на ўдзел апазіцыі ў паседжаннях ПАСЕ

Статус спецыяльна запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) можа быць вернуты парламенту Беларусі да канца года.  Гэта адбудзецца, калі наша краіна адменіць смяротнае пакаранне. Такую заяву, паводле інфармацыі РІА "Новости", зрабіў старшыня палітычнага камітэта ПАСЕ Горан Ліндблад.

Па словах еўрапейскага палітыка, Беларусь ужо пагадзілася на ўдзел апазіцыйных партый у паседжаннях Савета Еўропы. Ліндблад таксама паведаміў, што, па словах аднаго з беларускіх дыпламатаў, краіна рухаецца да адмены смяротнага пакарання, нягледзячы на тое што ўлетку былі вынесеныя некалькі смяротных прысудаў.

Нагадаем, у 1993 годзе Беларусь атрымала статус адмыслова запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, які дазваляе дэпутатам парламента краіны ўдзельнічаць у працы ПАСЕ. Пасля прызнання асамблеяй недэмакратычным прызначэння дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў у 1997 годзе, Мінск быў пазбаўлены гэтага статусу.

На паседжанні 23 чэрвеня 2009 года ПАСЕ прыняла рэзалюцыю пра вяртанне Беларусі статусу адмыслова запрошанага пры ўмове, што ў краіне будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне. Як паведамляла Еўрарадыё, еўрапейскія парламентарыі намераныя цвёрда настойваць на гэтай умове.


Фота — "Беларускія навіны"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі