Адвакат Бабарыкі: абвінавачанне не даказанае

Адвакат Бабарыкі: абвінавачанне не даказанае

У "справе Белгазпрамбанка" ёсць шэраг аб'ектыўных фактаў, якія сведчаць, што Віктар Бабарыка не здзяйсняў таго, што яму выставілі ў абвінавачванні. Пра гэта заявіў яго адвакат Дзмітрый Лаеўскі пасля таго, як ён і яго падабаронны азнаёмііліся з крымінальнай справай.

"Мы з калегай Наталляй Мацкевіч прачыталі матэрыялы і, абапіраючыся ўжо на ўвесь гэты масіў інфармацыі, прыйшлі да высновы, што ў дачыненні да нашага падабароннага абвінавачванне не даказанае. Наадварот, ёсць шэраг аб'ектыўных фактаў, якія сведчаць пра тое, што Віктар Бабарыка не здзяйсняў таго, што яму выстаўлена ў абвінавачванні. Таму мы зноў заявілі аб неабходнасці спынення крымінальнага пераследу", — цытуе TUT.by словы Лаеўскага.

18 студзеня стала вядома, што крымінальная справа, па якой праходзяць менеджары Белгазпрамбанка, перададзеная з КДБ у Генпракуратуру для накіравання ў суд. Прэс-служба КДБ падкрэсліла, што Бабарыка — адзіны з абвінавачаных, хто хадайнічаў пра спыненне крымінальнага пераследу і дадатковае расследаванне.

Дарэчы, адвакаты пра перадачу справы ў Генпракуратуру даведаліся са СМІ, КДБ ім пра гэта не паведаміў. 

Лаеўскі кажа, што прыкладна з сярэдзіны снежня па 18 студзеня (гэта значыць, больш за месяц) адвакатаў не пускалі ў следчы ізалятар, таму Бабарыка не мог пракансультавацца з імі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі