Адукацыя.lt

Вось глядзім мы з вамі на літоўскую моладзь і думаем: ім жа так проста ў жыцці! Еўрапейцы! Дыпломы міжнароднага ўзору, куча адукацыйных магчымасцяў, і на працу чакаюць у кожнай кропцы Еўропы. Але ці гэта так насамрэч? Калі ты беларускі студэнт, то пройдзе некаторы час перад тым, як ты зразумееш, што для цябе сонца свеціць не так ярка, як для студэнта з любой еўрапейскай краіны. Мы не ведаем, што гэта такое – жыць без віз, быць мегамабільным, жыць без межаў і валодаць практычна неабмежаванымі кар’ернымі магчымасцямі. Літоўцы, вядома, больш еўрапейцы, чым прадстаўнікі іншых постсавецкіх краін, але не такія ўжо яны і “карэнныя” еўрапейцы ў дружнай сям’і Еўрасаюза, каб важнічаць і прыкідвацца, што яны не памятаюць, як гэта, калі да цябе ставяцца як да прадстаўніка трэцяй краіны і чалавека другога гатунку.

Літва ўсяго толькі шэсць гадоў у Еўрасаюзе, а за гэты час з’явіліся новыя магчымасці развіцця для літоўскай моладзі, і, натуральна, такія працэсы ў адзін цудоўны дзень пачнуцца і ў нас на радзіме. Дык што ж даў Еўрапейскі саюз моладзі нованароджанай еўрапейскай краіны?

ВІДАВОЧНЫЯ ЗМЕНЫ

•  Літоўцы цяпер могуць вучыцца ў кожнай краіне Еўрасаюза,
•    Вучоба для літоўцаў за мяжой цяпер каштуе нашмат танней, чым для іншых студэнтаў,
•    Літоўскі выпускнік можа прайсці практыку ў любой кампаніі Еўрасаюза.

БАЛОНСКІ ПРАЦЭС & АДУКАЦЫЙНЫЯ ПРАГРАМЫ

Літва падпісала Балонскую дэкларацыю ў 2007 годзе, і цяпер літоўскія студэнты атрымліваюць трохузроўневую вышэйшую адукацыю: бакалаўр, магістр, доктар. І такая схема працуе ва ўсіх еўрапейскіх краінах. А ўсё для таго, каб стварыць адзіную адукацыйную прастору ва ўсіх краінах Еўрасаюза.

Еўрарадыё вырашыла спытаць у Рыты Лапіненэ, маладой спецыялісткі, што насамрэч адчулі маладыя літоўцы пры пераходзе на Балонскую сістэму адукацыі:

“Недзе з 2000-х гадоў нам сталі выдаваць дыпломы, перакладзеныя на замежную мову. Але тыя людзі, якія вучаць мовы, мусяць шмат чаго здаваць дадаткова, а вось медыкі, фізікі, хімікі нічога не павінныя рабіць дадаткова. Пасля ўступлення ў Еўрасаюз стала лягчэй, але мы знаходзімся ў трансфармацыйным перыядзе, і да 2012 года мы не можам працаваць вольна ва ўсіх еўрапейскіх краінах: мы ўсё яшчэ паказваем грошы, на якія будзем жыць, мы мусім праходзіць верыфікацыю дыплома. Плюс ёсць абмежаванні на працу для студэнтаў”.



-  А што рабіць людзям з савецкімі дыпломамі, бо такіх у Літве шмат...

- Не ўсе савецкія дыпломы прызнаюць у Літве. Калі чалавек у савецкія часы вучыўся ва ўніверсітэце, то той дыплом прызнаецца як магістэрскі. А тыя, хто вучыўся ў тэхнікумах, вучэльнях – іх не прызнаюць нават за бакалаўра. Напрыклад, у нас у палітыцы ёсць праблема, што не ўсім палітыкам прызналі іх дыпломы аб вышэйшай адукацыі, і некаторым давялося ісці вучыцца наноў.

Разам з Балонскай сістэмай адукацыі ў Літву прыйшлі такія адукацыйныя праграмы, “Lifelong Learning Programme” (LLP, Навучанне ўсё жыццё), “Праграма Тэмпуса” і праграма Еўрасаюза па сусветным навуковым супрацоўніцтве: “Эрасмус Мундус”.

LLP уключае ў сябе праграму “Каменіюс” для школьнікаў, “Эрасмус” для студэнтаў, “Леанарда да Вінчы” для прафесійнай адукацыі і трэнінгаў, а таксама праграма “Грунтвіг” для дарослых. Таксама існуе шэраг еўраінтэграцыйных адукацыйных праграм: напрыклад, праграма Жана Манэ , праграма супрацоўніцтва з індустрыяльна развітымі краінамі , а таксама праграма Еўракамісіі па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі і трэнінгаў.

Па “Эрасмусе” студэнты могуць паехаць вучыцца за мяжу на семестр ці на цэлы год. А праграма “Леанарда да Вінчы” спецыяльна арыентаваная на ўдасканаленне прафесійнай падрыхтоўкі. Такім чынам, маладыя спецыялісты могуць прайсці стажыроўку ў замежнай кампаніі.

Таксама існуюць праграмы нефармальнай адукацыі, напрыклад, праграма “Моладзь у дзеянні” і праграма “Грамадзянства, якая “вырошчвае” маладых актыўных грамадзян Еўрасаюза.

Мы наведалі офіс праграмы “Моладзь у дзеянні” у Вільні і пагутарылі з прадстаўніцай праграмы Гіэдрэ Тумасайтэ.



- Скажыце, калі праграма прыйшла на тэрыторыю Літвы?

-     Наша праграма прыйшла разам з Еўрасаюзам.  У нас не менш магчымасцяў, чым за мяжой. Толькі калі ты сам актыўны, калі ты шукаеш актыўнасць, калі ў цябе шмат ідэй, калі ты хочаш сваімі дзеяннямі далучыцца да агульнай справы – ты зможаш гэта і тут.

-  Якога кшталту праекты рэалізуюцца па вашай праграме?

- У нас шмат праектаў моладзевага абмену: моладзь з розных краін можа дыскутаваць, падарожнічаць, ствараць спектакль – знешне, падаецца, нічога тут такога. Але насамрэч унутры кожнага такога праекту адбываецца шмат чаго – пазнанне сябе, развіццё сваёй асобы, навучанне каманднай працы, навучанне таму, як трэба вучыцца – то бок шмат таго, чаго ты не атрымаеш у школе, ва ўніверсітэце.



Адна з самых цікавых нашых праграм – гэта Еўрапейская валанцёрская служба, якая дае магчымасць паехаць у іншую краіну на тэрмін ад 2 месяцаў да 1 года, дзе можна прынесці карысць і пабыць у іншым асяродку.

- Скажыце, ці актыўныя маладыя літоўцы, ці шмат людзей да вас звяртаецца?

-     Моладзь такая актыўная ў Літве, мы 5 разоў на год прымаем заявы, і мы можам дапамагчы рэалізаваць 25-27% ад тых праектаў, якія нам падаюць. Мы атрымліваем каля 100 заяў кожны раз.















-  Ці змянілася стаўленне Еўрасаюза да Літвы?

-   Я не думаю, што да нас сталі ставіцца інакш, я думаю, гэта мы, наша самаацэнка стала вышэй. Усё пачынаецца з сябе. Калі ты ўжо не ставішся да сваіх партнёраў, як да партнёраў старэйшых, разумнейшых, і калі ты разумееш, што твае магчымасці і таленты важныя – ты павядзеш сябе інакш. Гэта спрацавала і тут.

КУДЫ МОЖНА ПАЕХАЦЬ НА СТАЖЫРОЎКУ?

Самая смачная прапанова акрамя праграмы “Да Вінчы” - гэта стажыроўкі ва ўстановах Еўрасаюза! Вось так проста: калі ты з еўрапейскай краіны, то аўтаматычна атрымліваеш права падавацца на конкурснай аснове на стажыроўку ў кожную ўстанову Еўрапейскага саюза: гэта і Еўракамісія, і Еўрапарламент, і Савет ЕС, і Суд ЕС і яшчэ, і яшчэ! Мэта працадаўцаў відавочная – гэта і досвед унікальны, і поўнае мульці-кульці на працоўным месцы, поўная ўзаемаінтэграцыя прадстаўнікоў розных краін. Галоўная ўмова для кандыдатаў – мець першую ступень вышэйшай адукацыі, то бок бакалаўрыят, ну і, натуральна, ведаць замежную мову на вельмі добрым узроўні (англійская, нямецкая ці французская).

Рыта Лапініенэ ў свае студэнцкія гады стажыравалася ў Бундэстагу

-  Рыта, ці проста было трапіць на стажыроўку? Ці спадабалася табе?

-  У нас у Літве абвяшчаецца конкурс кожны год, з 2008 года беларусы таксама бяруць удзел у праграме Бундэстага. Трэба мець дыплом бакалаўра, свой СВ. Потым камісія ў амбасадзе, дзе могуць задаць любое пытанне: як адбываюцца выбары прэзідэнта Германіі, чаму Германія ўступіла ў НАТА... Цяжка сказаць, што яны спытаюць. Затое, калі праходзіш сумоўе паспяхова, едзеш працаваць у парламентарыя ў Бундэстагу. Я б раіла кожнаму гэтую праграму, гэта вышэйшы клас.

ЖЫЦЦЁ БЕЗ МЕЖАЎ

У той час, як 75% маладых беларусаў НІКОЛІ не былі за мяжой, нават у Расіі і Ўкраіне, літоўцы проста не маюць права сядзець дома. Шмат моладзі (25-34 гадоў) рэгулярна ганяе за мяжу: у 2003 годзе вандроўнікаў было 11.000, а ў 2009 годзе лічба мабільных і актыўных узрасла да 21.000 чалавек на год. Большасць маладых вандроўнікаў з Літвы наведваюць ЗША, Вялікабрытанію, Германію і Іспанію. Павялічылася, вядома, і эміграцыя, але гэта натуральны і няспынны працэс, бо людзі вольныя жыць там, дзе ім больш хочацца: з 2003 па 2009 год колькасць эмігрантаў вырасла ўдвая, з 11 да 22 тысяч чалавек, прычым асноўная маса эмігрантаў – постуніверсітэцкага ўзросту, 25-29 гадоў.

-  Рыта, а з тваіх знаёмых шмат хто з’ехаў за мяжу?

-  З маіх знаёмых многія з’ехалі. Напэўна, траціна маіх знаёмых з універсітэта з’ехала ў Германію, у Швейцарыю. Вельмі шмат літоўцаў з’ехала ў Лондан, у Ірландыю, а ёсць такія, якія кажуць, што “я без адукацыі - нікуды” і працягваюць за мяжой вучыцца. А тыя, хто застаецца тут, выбіраюць працу, што дазваляе быць мабільным і ездзіць па ўсім свеце.

БЕЗ ЗАМЕЖНАЙ МОВЫ – НІКУДЫ!

Паводле апошняга апытання, якое праводзілася ў Літве ў 2005 годзе, каля 90% маладых літоўцаў (да 30 гадоў) могуць удзельнічаць у размове на замежнай мове. Сярэдні паказчык па Еўрасаюзе – 50%. 25% могуць размаўляць на дзвюх замежных мовах. 5% - на трох, і 0,8% - паліглоты. Самая папулярная замежная мова ў Літве – руская (79%), англійская (23%) і польская (17%). Натуральна, што руская папулярная ў старэйшага насельніцтва, а англійская – у маладога.

Рыта кажа, што маладыя літоўцы ўжо зразумелі, як важна ім вывучаць замежныя мовы:

-   У Літве студэнты вучаць замежную мову 1 год ва ўніверсітэце, і гэта абавязковы мінімум. Курс уключае прафесійную лексіку, а не толькі нейкія стандартныя граматычныя тэмы. У нас вельмі шмат разнастайных курсаў замежнай мовы. Напрыклад, на філфаку для студэнтаў універсітэта – бясплатна. Вучаць англійскую, нямецкую, французскую... нават рускую. Моладзь разумее, што Літва без замежных моў – нікуды. Раней прадаўшчыцы маглі размаўляць толькі па-літоўску, а цяпер яны абавязаныя ведаць англійскую.

Пашэнціла суседзям: свабода кожнага чалавека ў Літве, як і ў кожнай іншай еўрапейскай краіне – перадусім. А калі ездзяць, вучацца, развіваюцца літоўцы – развіваецца і Літва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі