Вы тут

Адпраўка беларусаў транзітам праз Маскву стала дзейнічаць па-новаму

ТАСС

Для беларусаў, якія вяртаюцца на радзіму транзітам праз Маскву запрацаваў новы механізм адпраўкі дадому. 

"Сёння сямёра беларусаў, якія прыляцелі 24 сакавіка з Дамініканы ў маскоўскі аэрапорт Унукава, у суправаджэнні ДІБДР і супрацоўнікаў беларускай дыпмісіі ў Расіі з захаваннем усіх нормаў санітарнай бяспекі былі дастаўленыя ў аэрапорт Дамадзедава", — распавялі інфармагенцтву БЕЛТА ў прэс-службе беларускай амбасады ў Расіі. Нашы суайчыннікі ў 19:55 вылецелі ў Мінск рэгулярным рэйсам авіякампаніі "Белавія".

У Расіі з 18 сакавіка ўведзеныя абмежаванні ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса. Замежныя турысты маглі падарожнічаць транзітам толькі ў межах аднаго аэрапорта. Гэта стварала праблемы для беларускіх турыстаў, якія прыляталі ў аэрапорт Унукава, адкуль рэйсы ў Мінск адмянілі. 

Пазней Расія адмяніла гэтае абмежаванне для грамадзян СНД, дазволіўшы ім транзіт з аднаго аэрапорта ў іншы, а таксама выезд чыгункай і аўтатранспартам. 

У амбасадзе Беларусі распавялі, што цяпер акрамя авіярэйсаў адпрацоўваюцца схемы выезду нашых суграмадзян чыгункай, аўтобусамі і асабістымі аўтамабілямі. "Пры гэтым агульнае патрабаванне — пакінуць тэрыторыю Расійскай Федэрацыі на працягу 24 гадзін — захоўваецца", — падкрэслілі дыпламаты.

У Маскву будуць ладзіцца чартарныя рэйсы з Мінска, каб вывезці беларускіх турыстаў. Напрыклад, сёння такі рэйс ладзяць для грамадзян, якія прыбылі 25 сакавіка з Шры-Ланкі, Кубы, В'етнама і Мексікі. Вылет запланаваны з аэрапорта Унукава пасля 22:00.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.