Адны ўкраінцы тусяць у начных клубах, пакуль іншыя ваююць. Гэта нармальна?

Для некаторых украінцаў вайна ў краіне не перашкода таму, каб адарвацца на дыскатэцы. Пакуль байцы УСУ змагаюцца з расійскімі войскамі на перадавой, ва ўкраінскіх гарадах кіпіць начное жыццё. На відэа тусовак з Кіева і Адэсы рэагуюць і вайскоўцы: "Нам забыліся сказаць, што вайна скончылася?"

Завісаць у клубе, калі краіна ў стане вайны, — гэта нармальна?

— Нельга ўвесь час жыць у напружанні. Калі людзі ўвесь час жывуць у напружанні, яны пачынаюць адчуваць безвыходнасць. Ім трэба выплюхваць эмоцыі, страхі, пачуцці для таго, каб дасягнуць нейкага раўнаважнага стану, — расказвае Еўрарадыё псіхолаг з Беларусі. — Патрэбна выйсце. І таму чалавек пачынае адключацца ад свету, спрабуе ўвайсці ў раўнаважны стан.

Адсюль — напіцца, пабіцца і іншае. Таму, у прынцыпе, гэта [такія паводзіны цывільных падчас вайны. — Еўрарадыё] нармальна. Але нармальна ў двукоссях і з шэрагам агаворак. На жаль, час такі. Нічога ненатуральнага, несвядомае пачынае выплюхвацца. Жыццё ў пастаяннай эмпатыі, у перажываннях спапяляе, высільвае. Тады чалавек і знаходзіць такое своеасаблівае выйсце, капсулюецца.

Ночной движ в Одессе / Всевидящее ОКО

Як усё гэта растлумачыць вайскоўцам

"Я тут рызыкую сваім здароўем, пакуль яны там бесклапотна адпачываюць", — цалкам сабе можа падумаць баец на фронце, гледзячы на відэа начных тусовак. Што яму на гэта адказаць?

— Гэта таксама вельмі важны аспект: людзі ў дзеянні і па-за ім, — кажа псіхолаг. — Гэта розныя погляды, рознае стаўленне да таго, што адбываецца. З пункту гледжання вайскоўцаў, гэта жах. Мы павінны дапамагаць вайскоўцам разабрацца ў гэтай сітуацыі і дапамагчы паставіцца да гэтага неяк па-іншаму. Знайсці пункты паразумення людзей, якія знаходзяцца ў розных пазіцыях.

Мы прывыклі лічыць, што структура каштоўнасцяў павінна быць устойлівай, мараль павінна быць стабільнай. Цяпер час стаў крыху іншым і кантэкст стаў цякучым. Мяняюцца падзеі, увесь час даводзіцца здзяйсняць зменлівыя маральныя выбары. Маральная статыка пачала размывацца.

Так, ёсць героі са статыкай, але пераважная большасць людзей героямі не з'яўляецца. Гэта простыя грамадзяне, уладальнікі звычайнай свядомасці. Яны ўвесь час сустракаюцца са своеасаблівым унутрыасобасным кантэкстам — маральнасць / не маральнасць. І я падкрэслю, што гэта адбываецца не толькі ва Украіне, але і ў Расіі. Там далёка не суцэльная ўра-патрыятычнасць.

Скриншот тикток-видео украинского военнослужащего / tiktok.com /antoxa_krasava

Не ўсім дапамагаюць плед і гарбата

Але ж можна і без начных тусовак расслабіцца? Плед, гарбата, кніга, глыбокі сон, прабежка. Камусьці, можа быць, піва выпіць сам-насам з сабой — варыянтаў хоць адбаўляй.

— Пачытаць кнігу, папіць піва аднаму не ўсім дапамагае, — тлумачыць псіхолаг. — Не ўсе маюць здольнасць самому рэгуляваць сваю ўласную прастору. Таму патрэбны нейкія калектыўныя разрадкі. Невыпадкова гэтыя дзеі адбываюцца масава — "мы не адны". Калі не адзін, лягчэй псіхалагічна.

Калі чалавеку гэта дапамагае, то, як кажуць, бог вам суддзя. Інакш глядзіце, якая альтэрнатыва: суіцыд, агрэсія і гэтак далей. Калі чалавек не знойдзе нейкага іншага выйсця, яму будзе вельмі дрэнна. І ён знаходзіць такую больш-менш сацыяльна бяспечную форму.

Украинские правоохранители на рейде по ночным заведениям, сентябрь 2022-го / НПУ

У пачатку верасня кіеўская паліцыя сумесна з ваеннымі камісарыятамі прашарсціла начныя ўстановы ўкраінскай сталіцы. 119 аматарам патусіць дапазна, якія парушылі каменданцкую гадзіну, адразу на месцы ўручылі позвы з мэтай праверкі знаходжання грамадзян на ваенным уліку.

Праца начных клубаў і ўстаноў грамадскага харчавання ў Кіеве забароненая пасля 22:00. Акрамя таго, ва Украіне дзейнічае каменданцкая гадзіна, якая пачынаецца ў 23:00 і заканчваецца а пятай раніцы. У гэты час цывільным забаронена знаходзіцца на вуліцы і ў грамадскіх месцах, а таксама перамяшчацца транспартам без спецпропуска або пешшу.

Рейд украинской полиции по ночным клубам

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.