Вы тут

Аднаго рэцэпта няма, але трэба развіваць чалавечы капітал: эксперты пра рэформы

Рэформы павінны рабіць стаўку на чалавечы капітал і стымуляваць заставацца ў Беларусі / Еўрарадыё

Рэформы ў Беларусі непазбежныя, паколькі эканоміка ў бягучым рэжыме не можа генераваць прымальны для развіццёвай краіны рост, гаворыцца ў першым праекце, які з'явіўся ў Банку ідэй (ініцыятыва экспертнай супольнасці для стварэння, абмеркавання і прасоўвання праектаў рэформаў і развіцця Беларусі).

Пры гэтым прыватызацыя не галоўная рэформа, неабходная нашай краіне, а шаблон развіцця дзевяностых грамадства ўжо перарасло. Галоўная задача — выкарыстаць патэнцыял прыватнага бізнесу і чалавечага капіталу.

Беларускія эканамісты расказалі ў "Марафоне ідэй" на Еўрарадыё, чаму прапануюць не канкрэтныя рэформы, якія наспелі ў Беларусі, а толькі паказваюць, якімі яны павінны быць.

 

Адзін план не выратуе эканоміку

Першы праект, які падрыхтавалі адміністрацыйны дырэктар BEROC Павел Данэйка і старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук, створаны для таго, каб у грамадстве сфармавалася бачанне будучыні. Гатовых рэцэптаў не прапануецца.

— Жыццё чалавека будуецца, калі ў яго ёсць мара і бачанне будучыні. Ты пачынаеш рабіць канкрэтныя дзеянні, якія вядуць да рэалізацыі гэтай мары. Калі ў нас няма бачання будучыні, то мы хаатычна плывём па цячэнні, — кажа Павел Данэйка. — Ідэя ў тым, што гэта бачанне павінна выпрацоўвацца разам. Як у кампаніі, дзе стратэгію разумее шырокае кола супрацоўнікаў. Тады стратэгія паспяхова рэалізоўваецца.

Таму прапанаваць свой праект або ацаніць чужы ў Банку ідэй можа кожны.

Дзмітрый Крук падкрэслівае, што спецыялісты гавораць пра прынцыпы, па якіх павінны праводзіцца рэформы.

— Шмат у чым мы спрабуем пераадолець стэрэатыпы дзевяностых. Калі пад маркай тэхнакратычных або збольшага ідэалагічных прадуктаў заяўляецца прэтэнзія на нейкае правільнае ўладкаванне эканомікі, — расказвае Дзмітрый Крук. — Свет змяніўся. У дзевяностых, магчыма, былі падставы лічыць тую ці іншую канцэпцыю правільнай. Але сёння сказаць, што мы дакладна ведаем, як трэба будаваць ахову здароўя, адукацыю, як павінна быць уладкавана фінансавая сістэма Беларусі, мы не можам.

Эксперты лічаць, што на мясцовым узроўні могуць быць розныя падыходы да рэформаў. Напрыклад, медыкі разам з эканамістамі могуць прапанаваць больш аптымальны варыянт рэформы аховы здароўя, чым гэта зрабіла б група эканамістаў.

Галіновыя спецыялісты лепш ведаюць, якія рэформы патрэбныя ў іх працы / Еўрарадыё

Рэформы — гэта не прыватызацыя

Дзмітрый Крук адзначае, што, калі гаворка ідзе пра рэформы, людзі ў асноўным думаюць пра прыватызацыю, але гэта ўжо не ключавы кірунак. Хоць праводзіць рэструктурызацыю неэфектыўнага дзяржсектара, вядома, таксама давядзецца.

— У Беларусі вельмі развіты прыватны сектар, патэнцыял якога не выкарыстоўваецца. Сёння задача гэты патэнцыял не марнаваць, а выкарыстоўваць. Гэта можа даць імпульс развіццю нашай эканомікі гадоў на дзесяць.

Эксперты адзначаюць, што грамадства з дзевяностых ужо вырасла да рэформаў, якія не будуюцца на плане, даведзеным зверху.

Пакуль што беларускі бізнесмен можа зарабіць не толькі грошы, але і турэмны тэрмін / Еўрарадыё

Павел Данэйка прыводзіць прыклад Афганістана, мадэль якога абвінавачваюць у тым, што толькі заходнія датацыі дазвалялі бізнесу працаваць.

— Калі ты ў грамадстве, дзе прадпрымальніцтва разглядаецца як гульня з нулявой сумай, то ты павінен зрабіць усё, каб працягваць атрымліваць датацыі. Што і адбылося, напрыклад, у Афганістане.

Тое, што адбылося ў Беларусі, усяляе вялікі аптымізм наконт развіцця нашай краіны. Гэта досыць значная трансфармацыя ў бок каштоўнасных сістэм, якія спрыяюць развіццю прадпрымальніцтва.

Гэта значыць, рэформы не павінны ігнараваць каштоўнасныя, культурныя, сацыяльныя і палітычныя запыты людзей.
 

Устойліваму росту патрэбныя інстытуты, якія працуюць

Дзмітрый Крук адзначае, што эканамісты звяртаюць увагу на неэканамічныя праблемы. І гэта нармальна, паколькі адказы на пытанні, як быць з інфляцыяй, уразаннем дэфіцыту бюджэту, накіраваныя на "тушэнне пажару" тут і цяпер.

Гэта неабходныя базавыя ўмовы, адзначаюць эканамісты, але ўстойлівы эканамічны рост магчымы толькі пры ўмове, што ў рэформы будуць уцягвацца сферы, якія непасрэдна не адносяцца да эканомікі: судовая сістэма, мясцовае самакіраванне, адукацыя, ахова здароўя і іншыя.

У грамадстве ёсць запыт на рэформы / Еўрарадыё

— Мы больш хочам накіраваць дыскусію менавіта ў гэтую сцежку: якія асновы для наступнага развіцця. Стаўка на нацыянальны чалавечы капітал. Гэта таксама вельмі важна, — кажа Дзмітрый Крук.

Менавіта тыя краіны, якія ў дзевяностыя не проста прынялі інстытуцыйныя нормы, як у развітых краінах, а абапіраліся на нацыянальныя асаблівасці ў менталітэце, культуры вядзення бізнесу, сёння больш паспяховыя.

— Напрыклад, Польшча, Паўднёвая Карэя, Ірландыя, — кажа Дзмітрый Крук. — Беларускае грамадства гатовае. Фактычна склаліся ўсе перадумовы для таго, каб не проста глядзець, як нам пазбегнуць нейкага эканамічнага калапсу, а для таго, каб гаварыць, як нам закласці падмурак устойлівага развіцця на дзесяцігоддзі наперад.

Нягледзячы на тое, што грамадства саспела для рэформаў, перашкаджае палітычны крызіс.

— Думаю, што вынікі тэктанічных зрухаў, якія адбыліся ў беларускім грамадстве, даюць нам падставы яшчэ два-тры гады спадзявацца, што глеба гатовая. Калі закансервуецца цяперашняя палітычная сітуацыя, праз некалькі гадоў мы можам атрымаць зусім іншае грамадства і асяроддзе. Але за адзін момант гэта не разбураецца. І цяпер мы хочам падштурхнуць пачатак дыялогу і хочам у яго ўцягнуць як мага большую колькасць людзей, — рэзюмуе Дзмітрый Крук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.