Адміністрацыя прэзідэнта: закон аб падтрымцы беларускай мовы не патрэбны
На Маркса, 38 пагаджаюцца, што беларускую мову трэба развіваць, але лічаць, што ўсе неабходныя законы на гэты конт ужо прынятыя.
Дэпутатка Алена Анісім атрымала адказ з Адміністрацыі прэзідэнта наконт праекта Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. “Цуда не адбылося”, — каментуе яна. На Карла Маркса, 38 пагаджаюцца, што беларускую мову трэба развіваць, але лічаць, што ўсе неабходныя законы на гэты конт ужо прынятыя.
АП нагадвае, што па Канстытуцыі ў Беларусі — дзве дзяржаўныя мовы, і кожны мае права карыстацца роднай мовай і выбіраць мову зносін. Дзяржава пры гэтым гарантуе свабоду выбара мовы выхавання і навучання. А развіццё і ўжыванне розных моў рэгулюецца законам “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, прынятым у 1990-м годзе.
“Такім чынам, пытанні ўжывання беларускай мовы ўрэгуляваны дзеючым заканадаўствам”, — падсумоўваецца ў дакуменце за подпісам намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Жаўняка.
На практыцы ж беларуская мова ў Беларусі ўжываецца нашмат радзей за рускую. Дзіцячых садкоў і навучальных устаноў, дзе вядзецца выкладанне на беларускай мове, у некалькі разоў менш, чым тых, дзе карыстаюцца рускай мовай. Сем'і, дзе дзеткі размаўляюць па-беларуску, вымушаныя аб'ядноўвацца, каб у садку з'явілася беларускамоўная група.
Паводле статыстыкі, апублікаванай на сайце Мінадукацыі, у 2016-2017 навучальным годзе ў 1-11-х класах школ Беларусі навучалася каля 967 тысяч дзяцей, з іх 128,6 тысячы (13,3%) — на беларускай мове. Па звестках на 2018 год, у Мінску было ўсяго дзесяць беларускамоўных сярэдніх навучальных устаноў.