Колькасць не мае значэння: у АП распавялі, як зменіцца барацьба з наркотыкамі

Колькасць не мае значэння: у АП распавялі, як зменіцца барацьба з наркотыкамі

Падыходы да барацьбы з нарказлачыннасцю ў Беларусі змяняюцца. Замест колькасці выяўленых злачынстваў будзе ацэньвацца эфектыўнасць процідзеяння наркаманіі ў краіне. Пра гэта газеце "СБ. Беларусь сегодня" распавёў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч.

Чыноўнік нагадаў, што адказнасць за нарказлачынствы была ўзмоцненая ў 2014 годзе. "Мы рызыкавалі страціць нашых дзяцей, прычым не толькі ў пераносным сэнсе: маладыя людзі гінулі ад перадазіроўкі наркотыкаў, ад новых відаў сінтэтычных рэчываў. Пасля вывучэння сітуацыі быў прыняты адпаведны дэкрэт Прэзідэнта, у прыватнасці, сур'ёзна станавіліся больш жорсткімі меры крымінальнай адказнасці", — патлумачыў Міцкевіч. 

Гэтыя меры, па яго словах, дазволілі спыніць непасрэдную наркапагрозу дзяржаве. Прычым да адказнасці было прыцягнута шмат людзей. Адміністрацыя прэзідэнта, паведаміў Міцкевіч, атрымала шмат зваротаў як з боку саміх асуджаных і іх сваякоў, так і ад людзей, чые блізкія пацярпелі ад наркотыкаў. 

"Паступова выявіліся пэўныя недахопы ў барацьбе з нарказлачыннасцю. Напрыклад, у адзін момант выявілася такая парадаксальная тэндэнцыя, калі зменшылася колькасць канфіскаваных наркатычных рэчываў, а колькасць смерцяў ад перадазіровак павялічылася", — удакладняе намеснік кіраўніка Адміністрацыі. 

Урэшце адбылася нарада з удзелам кіраўніка Беларусі. На ёй абмяркоўвалася, наколькі дакладна ўжываецца закон, наколькі правільна людзі (асабліва непаўналетнія) асуджаюцца на вялікія тэрміны, наколькі сур'ёзныя злачынствы, якія яны здзейснілі. Па выніках нарады Аляксандр Лукашэнка даручыў распрацаваць комплекс мер, якія б дазволілі больш эфектыўна процідзеяць наркапагрозе і прафілактыцы наркаманіі.

Дзейнасць праваахоўнікаў раней ацэньвалася па колькасці зарэгістраваных злачынстваў, а таксама па колькасці затрыманых і асуджаных. Міцкевіч патлумачыў, як будзе ацэньвацца барацьба з наркотыкамі надалей:

"Цяпер галоўнай меркай эфектыўнасці праваахоўнікаў павінны стаць не колькасныя паказчыкі, а зніжэнне наркапагрозы ў цэлым. Па наступных крытэрах:

— прадухіленне ўцягвання непаўналетніх у нарказлачыннасць;

— аб'ём канфіскаваных наркотыкаў;

— выяўленне каналаў збыту і наркалабараторый;

— змяншэнне колькасці выпадкаў гібелі ад перадазіровак.

Менавіта з гэтых больш аб'ектыўных крытэрыяў варта зыходзіць праваахоўным органам, ацэньваючы сваю працу".

Чыноўнік дадаў, што па даручэнні Лукашэнкі будзе пільна разгледжаны склад асуджаных за нарказлачынствы. "Магчыма, у іх ліку ёсць людзі, якія ўжо ўсвядомілі цяжар зробленага і шчыра раскаяліся. Калі яны цвёрда сталі на шлях выпраўлення, калі дастаткова таго пакарання, якое яны ўжо панеслі, то магчыма іх ўмоўна-датэрміновае вызваленне", — патлумачыў Міцкевіч. 

Падлеткаў, якія пакаштавалі наркотыкі пад уплывам "хвілінных парываў" ("з цікаўнасці" ці "з ілжывых паняццяў аб дружбе") ці спакусіліся магчымасцю лёгка падзарабіць і "відавочна зрабілі жыццёвую памылку", Міцкевіч лічыць "выпадковымі" злачынцамі. Нядаўна мы пісалі, што яны могуць быць памілаваныя. Пры гэтым абавязковай умовай памілавання стане даручальніцтва блізкіх сваякоў і (нягледзячы на "выпадковасць" злачынства) адбыццё не менш за палову тэрміну пакарання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі