Адкуль узяліся 6 мільёнаў інтэрнет-карыстальнікаў у Беларусі?

Еўрарадыё высветліла, колькі сапраўды беларусаў карыстаецца інтэрнетам і якія сайты самыя папулярныя
Два гады таму Міжнародны саюз электрасувязі налічыў у Беларусі 6 мільёнаў інтэрнет-карыстальнікаў. Аднак сёлета гэтая лічба скарацілася больш чым у два разы. Сам саюз адмовіўся ад сваёй статыстыкі і прывёў іншыя звесткі.

"Сапраўды папярэдняя ацэнка была выпраўленая адносна беларускага насельніцтва і інтэрнет-падпіскі. Вы правільна разумееце. Няма, аднак, ніякіх рэальных дадзеных адносна ацэнкі карыстальнікаў, хто б яе ні рабіў. Актуальныя і скарэктаваныя ацэнкі цяпер былі зробленыя нашым сервісам", — распавялі Еўрарадыё ў МСЭ.

Цяпер новая лічба, якую дае Міжнародны саюз электрасувязі, — 2 мільёны 850 тысяч. Яна больш набліжаная да рэальнасці, кажа кіраўнік праекта Gemius Belarus — агенцтва па online-даследаваннях Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы Міхаіл Дарашэвіч.

"Адкуль узялася гэтая лічба, ніхто не ведае. Ад яе аднекваецца і Мінсувязі. Магчыма, у пагоне за статыстыкай — гэта можа быць сума тых, хто карыстаўся за год. Але цяжка нешта пракаментаваць, бо ад яе ўсе адмовіліся".

Не прызнае 6 мільёнаў інтэрнет-карыстальнікаў і “Белтэлекам”, які з'яўляецца манапалістам на беларускім інтэрнет-рынку.

"З той ацэнкай 6 мільёнаў карыстальнікаў тут ніхто не пагадзіўся. А рэальная ацэнка — гэта больш за тры мільёны", — кажа начальнік прэс-службы Аляксей Федарынчык. 

Ён патлумачыў, якім чынам Міністэрства сувязі атрымоўвае гэтыя лічбы.

"Такую статыстыку вядзе Мінсувязі. Яно збірае дадзеныя з усіх аператараў і кабельных правайдэраў. Яны акумулююць гэтыя дадзеныя. І вось больш за 3 мільёны — гэта іх афіцыйная статыстыка. Але пытанне, каго лічыць карыстальнікамі — таго, хто кожны дзень у інтэрнеце, ці таго, хто хоць раз у жыцці быў у інтэрнеце? Магчыма, такіх у Беларусі 6 мільёнаў і набярэцца”.

Уладальнік сервісу “Акавіта” Фёдар Караленка кажа, што, паводле іх інфармацыі, было 2,5 мільёны, а лічба ў 6 мільёнаў магла з'явіцца ад колькасці мабільных.

"Мы нейкія дадзеныя публікавалі, там нідзе не перавышала 2,5 мільёнаў. Калі ў іх было ўжо 6 — як яны гэта прыдумалі, цяжка сказаць. Магчыма, гэта звязана з тэлефанізацыяй, магчыма, яны гэта звязвалі з колькасцю мабільных аператараў".

Ёсць і іншыя спосабы падліку карыстальнікаў. Напрыклад, бярэцца пад увагу некалькі складнікаў.

"Нашае даследаванне gemiusAudience складаецца з трох кампанентаў, — расказвае Міхаіл Дарашэвіч. — Першае, гэта лічыльнікі на сайтах, другі кампанент — гэта анкета, якая выпадкова з'яўляецца на сайтах і яе запаўняюць карыстальнікі і, па-трэцяе, мы выкарыстоўваем афлайнавыя дадзеныя. Бо без гэтага немагчыма даць дакладную ацэнку".

Цікава, што, нягледзячы на вялікую колькасць інтэрнет-карыстальнікаў у Беларусі, рэклама ў Сеціве не прыносіць чаканых вынікаў. Вось, напрыклад, у Польшчы на 2008 год на кожнага карыстальніка прыходзілася 22,5 рэкламных долараў у год. У Беларусі тады было 2,16 мільёнаў карыстальнікаў, рынак інтэрнет-рэкламы складаў 6,3 мільёны. Атрымоўваецца 2,92 долара на чалавека. Не нуль, але дзіўна, як беларускія сайты існуюць, піша ў сваім блогу Міхаіл Дарашэвіч.

Як ні дзіўна, але пры гэтым байнэт даволі актыўна развіваецца. Штомесяц з'яўляюцца сотні новых сайтаў, кажа Фёдар Караленка. Лідэрамі застаюцца сайты тэматычныя: мабільныя, камп’ютарныя ды аўтамабільныя тэхналогіі. Абсалютны лідэр — беларускі партал ТУТ.бай, які на сённяшні дзень ахоплівае 60% аўдыторыі.



Фота: advertorial.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі