Адкрыты ліст футбалісту Палякову: Дзяніс, не трэба ставіць Радзіме нагу на шыю

Дзяніс Палякоў святкуе гол, забіты "Атлетыку" (Більбао) / Reuters
Дзяніс Палякоў святкуе гол, забіты "Атлетыку" (Більбао) / Reuters

Піяршчык Іван Караічаў заўзее за зборную Беларусі з самай першай гульні, "з таварняка супраць Украіны". Прачытаўшы, як у інтэрв'ю сайту "Чемпионат" беларускі абаронца Дзяніс Палякоў, які нядаўна перайшоў у "Урал", называе Беларусь і Расію "практычна адной краінай", Іван вырашыў напісаць Дзянісу адкрыты ліст. Пра тое, што наша Радзіма называецца Беларусь. І зборная ў нас — Беларусі.

"Дзяніс, гэта важна, глядзіце, не пераблытайце", — заключае Іван Караічаў. І абяцае выключыць тэлевізар і пайсці гуляць, калі ў наступным матчы зборнай яе галоўны трэнер Ігар Крывушэнка выпусціць Палякова ў асноўным складзе. З дазволу аўтара падзелімся з вамі гэтым адкрытым лістом.

Открытое письмо футболисту Полякову: Денис, не нужно ставить Родине ногу на шею

"Дзяніс, прывітанне!

Мяне клічуць Іван Караічаў, я сем гадоў працаваў у спартыўным піяры і заўзею за наш футбол з 1984 года. Я заўзею за нашу зборную з самай першай гульні, з таварняка супраць Украіны. Быў на гульні супраць Люксаў [першая афіцыйная хатняя гульня зборнай Беларусі супраць каманды Люксембурга прайшла 12 кастрычніка 1994 года, беларусы выйгралі 2:0. — Еўрарадыё], амаль што плакаў пасля перамогі над Галандыяй [7 чэрвеня 1995 года ў Мінску зборная Беларусі выйгралі ў каманды Галандыі 1:0, пераможны гол забіў Сяргей Герасимец. — Еўрарадыё], сціскаў кулакі, калі нарвежцы такі даціснулі нашых на першым афіцыйным выездзе.

Дзяніс, з моманту АДНАЎЛЕННЯ незалежнасці маёй краіны я заўзею за ўсе нашыя клубы ў еўракубках. БАТЭ, мінскае "Дынама", "Атака-Аўра", "Фандок" — мне пофіг, таму што з Беларусі. Маёй краіны, за якую сотні тысяч, а можа і мільёны гатовыя галовы скласці. Гэта ўнутры чэмпіянату ў нас свае сімпатыі, часам бескампрамісныя, а вось за межамі у нас адна краіна, адзін патрыятызм і нават адзін еўракубкавы рэйтынг.

Той самы гол Сяргея Герасімца

Вы (будзем на вы) зімой перайшлі ў екацярынбургскі "Урал". Зразумела: больш высокі статус лігі, у якой мільгаюць значна больш цікавыя лічбы. А на мінулым тыдні, вы, Дзяніс, сказалі адну фразу, і я адразу падумаў, што вы не падумалі. Давайце для пачатку працытую, а то не ўсе чыталі: "Даведаўся, што беларускія футбалісты не будуць лічыцца легіянерамі пазаўчора ўвечары, калі збіраўся на зборы. Вядома, спачатку ўзрадаваўся, гэта прыемна. З іншага боку, такія размовы ходзяць даўно, так што, пакуль закон не прымуць і афіцыйна не прызнаюць, радавацца рана. Ужо два-тры гады такія размовы ходзяць. Вядома, удзячны Лукашэнку і Пуціну за такое рашэнне. Мы практычна адна краіна, у нас адзін народ, ёсць Мытны саюз, сяброўскія адносіны прэзідэнтаў, таму пара было да гэтага прыйсці - хакеісты ж не лічацца легіянерамі ў Расіі. Думаю, гэта лагічны крок"(цытата па football.by).

Вы ж гэта сказалі, Дзяніс? Не ананімны пісар з прэс-службы клуба недзе далёка, а вы асабіста. Вядома, няма нічога дрэннага ў тым, каб адчуваць сімпатыі да Расіі. Можа быць, карані, а можа быць — нешта чалавечае, а, можа быць, працадаўца, ці ўсе разам. Не мне судзіць. Так, ёсць палітычныя адносіны. Шмат хто ў Беларусі мае нармальныя адносіны да Расіі. Але практычна адна краіна? Якога чорта?

Глядзіце, якая штука. Думаю, і нават упэўнены, што вашая фраза ўваходзіць у дысананс (зацаніце слова) з сутнасцю нацыянальнай зборнай Беларусі. Глядзіце, Дзяніс, мы ўсё ж асобная краіна. Так, мы дэ-юрэ ўваходзім ў Саюзную дзяржаву, але гэта не падстава ставіць сваёй Радзіме нагу на шыю.

Открытое письмо футболисту Полякову: Денис, не нужно ставить Родине ногу на шею
Калі Дзяніс Палякоў гуляў за БАТЭ, прозвішча на яго спіне пісалася па-беларуску / Reuters

У кастрычніку 1992-га я ў самым першым матчы заўзеў за Беларусь супраць Украіны, а не за Саюзную дзяржаву супраць Украіны.

У 1994-м я радаваўся разам з усімі пасля цяжкай, чаго ўжо там, але такой знакавай вікторыі супраць Люксаў.

А ў 1995-м, памятаеце пацаном, так? Пераможышча над стомленымі пасля фіналу Лігі чэмпійнаў галандцамі, як кажа мэтр, але тым не менш. Памятаеце класны тады (я не жартую) каментар Навіцкага? Памятаеце сцягі на трыбунах? Пагугліце, цікава.

Ды што там 90-я. А разгром Польшчы ў 2001-м? А гераічны выезд у Італію, калі вазілі ў 2004-м і цудам прайгралі? А наогул увесь адбор з 0-2 Украіне дома, калі ўвесь стадыён верыў у банду Малафеева, у Валіка і Хаца? Дзясяткі тысяч сэрцаў рваліся разам з выступам зборнай на футбольных палях. Гэта была зборная Саюзнай дзяржавы? Не, Дзяніс, — Беларусі.

Дзяніс, вы *** [нагадзілі. — Еўрарадыё] сваёй згаданай вышэй прамовай мне ў самае сэрца. І калі вас выпусцяць у асноўным складзе зборнай Беларусі на адборачных гульнях (а ў Крывушэнка ў гэтым плане лёгка верыцца), дык я выключаю ТБ і іду гуляць. Разумею, што многім напляваць, але мне — не. Вы выйдзеце на поле і не ўзгадаеце пра Івана Караічава, а я пра вас, Дзяніс, узгадаю.

Дзяніс, у нас адна краіна. І яна ніяк не называецца Саюзная дзяржава. І сорамна, Дзяніс, што такіх прамоваў ад вас не было, пакуль вы не перайшлі да расійскага працадаўцы.

Наша Радзіма, Дзяніс, называецца Беларусь. І зборная ў нас, Дзяніс, Беларусі.

Дзяніс, гэта важна, глядзіце, не пераблытайце".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі