З аднымі сілавікі па даносах ладзяць "прафілактычныя гутаркі". Іншыя самі трапляюць у лік рэпрэсаваных. А айца Уладзіслава Багамольнікава фактычна даводзяць да смерці ў ізалятары: у нечалавечых умовах за кратамі яго трымаюць з лета. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Акрамя таго, у вернікаў адабралі Чырвоны касцёл — адну з галоўных каталіцкіх святынь Мінска. Дзверы касцёла зачыненыя, маліцца там забараняюць. Ужо былы пробашч храма Уладзіслаў Завальнюк пайшоў у дворнікі і прыбірае вакол яго снег і апалае лісце.
Еўрарадыё згадвае гучныя і абуральныя выпадкі рэпрэсій у дачыненні да вернікаў.
“Сектант-БЧБшнік”

8 лістапада ГУБАЗіК затрымаў праваслаўнага верніка, сектазнаўцу і рэдактара сайта пра секты Алега Нагорнага. Не спадабаліся сілавікам антываенныя тэксты і асуджэнне РПЦ, якая афіцыйна падтрымлівае вайну ва Украіне. Міліцыя ўгледзела ў гэтым "прыкметы распальвання нянавісці па прыкмеце нацыянальнасці да рускіх" і назвала Нагорнага "сектантам-БЧБшнікам".
— Нагорны вучыўся ў Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах. Быў лектарам на многіх праваслаўных мерапрыемствах, стварыў пры падтрымцы БПЦ Цэнтр абароны здароўя сям'і і асобы, — піша "Хрысціянская візія".
Сектазнаўцу пакаралі 15 суткамі паводле артыкуле 19.10. КаАП "Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі". Яму ад старту пагражалі крымінальнай справай. Суткі прайшлі, а навін пра вызваленне Нагорнага няма, як і абнаўленняў у яго сацсетках.
“ЯНЫ ЯГО ЗАБІВАЮЦЬ. Фізічна”

Святара Уладзіслава Багамольнікава сілавікі даводзяць да пакутніцкай смерці ў ізалятары на Акрэсціна. Яго жорстка затрымалі яшчэ 31 жніўня, калі ён хварэў COVID-19, і з таго часу пастаянна працягваюць суткі. Навуковец Сяргей Гаранін, які сядзеў з ім у адной камеры, напісаў пасля вызвалення, што Багамольнікава проста забіваюць вельмі цяжкімі ўмовамі.
— Ён памрэ... стан здароўя а. Уладзіслава пагоршыўся. Нават калі я вызваляўся і ён паціснуў мне руку, то рука ў яго была нямоглая, пальцы тонкія, усе костачкі ў іх чуваць... Да таго ж ён і галадоўку трымаў... Уладзіслаў — мужны чалавек, і ён трымаецца з годнасцю і моцна. Падтрымлівае іншых. Зрабіць яму яны нічога не могуць. Таксама прад'явіць яму па факце нічога нельга. Ну, ён адслужыў літыю па Раману Бандарэнку — дык што? Гэта пастарскі абавязак... Таму... ЯНЫ ЯГО ЗАБІВАЮЦЬ. Фізічна.
У лістападзе 2020 года Багамольнікаў праводзіў службу па загінулым на "Плошчы Пераменаў" Раману Бандарэнку. Менавіта пра гэты эпізод піша Гаранін — і, імаверна, менавіта праз яго святара прэсуюць сілавікі. Хоць падставай для адміністрацыйных тэрмінаў зрабілі "народныя" артыкулы.
Калі Уладзіслава Багамольнікава затрымалі, праўладныя тэлеграм-каналы пісалі, што святару можа пагражаць крымінальны пераслед. Таксама былі абвінавачванні ў матэрыяльнай дапамозе Украіне. "Фінансаванне УСУ яшчэ сваё важкае слова скажа", — напісаў адзін з прапагандысцкіх ТГ-каналаў.
У каталікоў адабралі Чырвоны касцёл

Улады не толькі рэпрэсуюць святароў, але і адабралі ў беларускіх каталікоў касцёл святых Сымона і Алены, шырока вядомы як Чырвоны касцёл. Адбылося гэта нібыта ненаўмысна: раніцай 26 верасня загарэлася невялікая прыбудова да храма. А ўжо 5 кастрычніка камунальнае прадпрыемства "Мінская спадчына", якое адказвае за касцёл, заявіла прыходу, што касцёл павінен быць вызвалены да 12 кастрычніка праз рамонт. Аднак ніякіх тэрмінаў заканчэння рамонту не агучвалася.