Ад +1,5% да -10%: Дзмітрый Крук пра перспектывы беларускай эканомікі

Любы з шокаў пагражае фінансавай дэстабілізацыяй​
Любы з шокаў пагражае фінансавай дэстабілізацыяй​

Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук лічыць, што ў 2021 годзе ў беларускай эканомікі ёсць шанц вырасці. Не на 1,8%, як разлічваюць улады, але на 1,4–1,5% — калі зоркі сыдуцца. А калі не сыдуцца, пры блізкім да базавага сцэнары Крука чакае падзенне ВУП на 2%.

У 2021 годзе Беларусь чакае рэцэсія. Калі ажыццявяцца рызыкі, звязаныя з сітуацыяй як у краіне, так і на знешніх рынках, то спад можа аказацца нашмат больш глыбокім.

Ад наступстваў COVID-19 эканоміка пачне адыходзіць толькі да канца 2021 года — пры ўмове, што не будзе новых знешніх шокаў, Беларусь пазбегне фінансавага крызісу і будзе працягваць цяперашнюю манетарную палітыку.

— Калі асяроддзе атрымаецца якасна закансерваваць, атрымаем спад каля 0,5%, — кажа эксперт.

А найгоршы сцэнар Дзмітрыя Крука, па якім можа пайсці беларуская эканоміка, прадугледжвае падзенне ВУП на 10%. Магчымая нават пагроза суверэннага дэфолту.

— Мы апускаемся ў сітуацыю фінансавай уразлівасці. Напрыклад, буйное прадпрыемства не зможа плаціць па даўгах або працягнецца адток дэпазітаў.

 

Якія яшчэ шокі магчымыя?

От +1,5% до -10%: Дмитрий Крук о перспективах белорусской экономики
Нават долар можа аслабнуць у 2021 годзе / Reuters

Эканоміка можа пацярпець ад палітычнай сітуацыі, пагаршэння стасункаў з Расіяй і новых санкцый — як супраць Беларусі, так і супраць Расіі. Калі барацьба з каранавірусам зацягнецца, гэта таксама можа негатыўна паўплываць на ВУП.

— Можа паўплываць здароўе сусветнай фінансавай сістэмы. Глабальныя фінансавыя рынкі могуць зазнаць сур'ёзны шок, таму што ў іх на фоне кавіду ўпампавана шмат ліквіднасці. Калі пазітыўныя чаканні не апраўдаюцца або кампаніі будуць не ў стане справіцца з даўгамі, можна чакаць сур'ёзнага фінансавага шоку ў рэгіёне або ў свеце.

Таксама трэба ўлічваць і курс долара на глабальным рынку.

— У 2021 годзе ёсць перадумовы для аслаблення долара на значныя велічыні: да 20%. Гэта пазітыўны момант з улікам нашых даларызаваных даўгоў. Але можа адбыцца і адваротнае. Пры новым фінансавым шоку ўсе пойдуць да долара як да сховішча.

Яшчэ адзін магчымы шок — міграцыя.

— Любая з гэтых падзей у сур'ёзным маштабе імгненна інтэнсіфікуе праблему з даўгамі і прывядзе да фінансавай нестабільнасці.

 

Уладам прыйдзецца выбіраць меншую з бед

 

Як быць эканамічным уладам у 2021 годзе — незразумела. Дзмітрый Крук адзначае, што захаванне манетарнага і фіскальнага статус-кво, гэта значыць блізкасць да нейтральнасці, падвышае рызыкі доўгатэрміновай дэпрэсіі. 

От +1,5% до -10%: Дмитрий Крук о перспективах белорусской экономики
Нацбанк / БЕЛТА

— Ужо сёння яны [эканамічныя ўлады. — Еўрарадыё] марнеюць у супярэчнасцях. Трэба было б зрабіць стымулявальную манетарную і фіскальную палітыку, але для нас гэта тоіць у сабе небяспеку фінансавай дэстабілізацыі. Эканамічную палітыку рызыкоўна як змякчаць, так і не змякчаць. Тое, што сёння робяць улады ў фінансавай і манетарнай палітыцы, — выбар меншай з бед.

 

Цяжар COVID-19

 

Палітыка нескарачэння вытворчасці праз каранавірус прывяла да таго, што ў 2020 годзе беларускія прадпрыемствы працягвалі несці выдаткі на выпуск прадукцыі. А попыт у пандэмію моцна ўпаў. Гэта дазволіла беларускаму ВУП практычна не скараціцца па выніках года ў адрозненне ад іншых краін. Да таго ж людзі атрымлівалі і трацілі заробкі.

З іншага боку, такая рэакцыя ўрада на каранавірус прывяла да пагаршэння фінансавага стану прадпрыемстваў.

— Калі б беларускія ўлады рэагавалі як усе, то было б прасяданне ў другім квартале, а потым хуткі аднаўленчы рост. Цяпер з'яўляецца пагроза адкладзенай і зацягнутай рэцэсіі. Прадпрыемствы, якія шмат зрабілі на склад, будуць абмяжоўваць будучую вытворчасць.

Для прадпрыемстваў, асабліва для дзяржаўных, актуальна скарачаць выдаткі. Адзін з варыянтаў — уразанне заробкаў. Але гэта прывядзе да скарачэння ВУП за кошт сціскання ўнутранага попыту.

От +1,5% до -10%: Дмитрий Крук о перспективах белорусской экономики
Беларускі цэментны завод / ААТ "Беларускі цэментны завод"

— Фінансавае становішча прадпрыемстваў, на якія, па сутнасці, пераклалі цяжар COVID-19, моцна пагоршылася. Гэта праблемы для ўсёй эканомікі і абумоўлівае пагрозу фінансавай дэстабілізацыі.

 

Знешні ўплыў

 

Для сусветнай эканомікі чакаецца аднаўленчы рост на ўзроўні 5%. Беларусі важна, што ў Расіі ён прагназуецца больш сціплы — 3% па базавым сцэнары МВФ.

Яшчэ адзін знешні фактар, які ўплывае на беларускую эканоміку, — сусветныя цэны на нафту. Згодна з прагнозам МВФ, у 2021 годзе яны вырастуць, але не дасягнуць дакавіднага ўзроўню.

Уплыў таксама аказвае курс расійскага рубля. Беларускі рубель моцна залежны ад яго. Сярэдняе чаканае значэнне ў 2021 годзе — 75 расійскіх рублёў за долар, гэта значыць прыкладна такое ж, як сёння. Але расійскі рубель можа ўмацавацца на 10% следам за ростам цэн на энерганосьбіты, кажа Дзмітрый Крук. Можа быць і адваротны эфект, калі цэны на энерганосьбіты знізяцца, будуць уведзены новыя санкцыі ці здарацца іншыя палітычныя шокі. Тады абвал расійскага рубля можа дасягнуць 30%.

Акрамя таго, беларуская эканоміка працягвае існаваць ва ўмовах падатковага манеўру.

— Адсюль тэндэнцыі — абмежаванні для бюджэту і выпадальныя прыбыткі. Яшчэ адзін эфект — павелічэнне цаны нафты будзе ствараць імпульс росту ўнутраных цэн на энерганосьбіты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі