“Аб’яднанню іпэшнікаў замінае КДБ”

“Аб’яднанню іпэшнікаў замінае КДБ”

У пратэстах прадпрымальнікаў, якія ўзмацніліся ў апошні час, няма ні адзінага цэнтра, ні адзінай стратэгіі. У дадатак, некаторыя мітынгі іпэшнікаў амаль немагчыма адрозніць ад сходаў апазіцыі. Еўрарадыё даведалася, добра гэта ці дрэнна.

“Аб’яднанню іпэшнікаў замінае КДБ”

Шумчанка: Тое, што няма адзінага цэнтра, — нават добра

Анатоля Шумчанку не ўбачыш у натоўпе іпэшнікаў на плошчы ці ля аблвыканкама. Шаліка з “Пагоняй” на ім таксама ніколі няма. Шумчанка арганізоўвае форумы у вялікіх залах, запрашае туды чыноўнікаў, сам ходзіць на калегіі ў міністэрствы. Ён расказвае, што так было не заўсёды. Дзесяць гадоў таму на плошчу выходзіў і Шумчанка. Праўда, пазней у такіх метадах расчараваўся.

“Раней Шумчанка ўсіх арганізоўваў. Выводзіў на Кастрычніцкую. Потым сядаў у турму. А Лукашэнка прыходзіў і вырашаў усе праблемы. Потым я выходзіў з турмы. З сутак. Альбо пасля завядзення крымінальнай справы. Як у 2005 годзе было. Прыходжу на рынак. А людзі мне: нашы праблемы вырашыў Лукашэнка. У людзей не змянялася свядомасць. Мы, наадварот, стымулявалі пазіцыю, што за прадпрымальнікаў нехта нешта зробіць”, — расказвае прадпрымальніцкі лідар.

Тое, што адбываецца з пратэстамі прадпрымальнікаў цяпер, Шумчанку нават падабаецца. Лідар “Перспектывы” гаворыць, што за апошнія гады іпэшнікі пачалі самі выступаць за свае правы. З’явілася ініцыятыва, і цяпер пратэсты не спыняцца, калі пасадзіць Шумчанку ці каго-небудзь яшчэ. Таму адсутнасць адзінага цэнтра і нават некаторая стыхійнасць выступленняў — толькі плюс. Нават да актыўнага ўдзелу апазіцыі ў пратэстах іпэшнікаў Шумчанка ставіцца пазітыўна:

“Я б сказаў, што ў такім выглядзе ўдзел дэмакратычных сіл ідзе толькі на карысць. Чаму? Таму што так даецца сігнал уладзе: калі яна не будзе вырашаць эканамічныя праблемы людзей, то настроі прадпрымальнікаў, настроі звычайных грамадзян будуць імкліва змяняцца ў бок палітызацыі”.

Лідар “Перспектывы” таксама гаворыць,што цяпер варта пакінуць спрэчкі для прыватных разборак. На публіцы важна выступаць разам і не крытыкаваць адно аднаго. “Усім трэба заткнуць свае амбіцыі ў адно месца. Можаце так і напісаць. Заткнуць і працаваць. Працаваць і працаваць. А не даваць разумныя інтэрв’ю і разумныя высновы”, — перакананы Анатоль Шумчанка.

“Аб’яднанню іпэшнікаў замінае КДБ”

Алесь Макаеў: На раз’яднанне прадпрымальнікаў працуе КДБ

Прадпрымальніцкі лідар Макаеў — сам дробны іпэшнік, гандлюе сантэхнікай. Не так даўно нават атрымаў штраф ад падатковай. У апошнія месяцы Макаева часта можна бачыць на самых розных мерапрыемствах — ад форума прадпрымальнікаў у гатэлі “Беларусь” да сходу дробных гандляроў у якім-небудзь райцэнтры. У адрозненне ад сваіх памяркоўных і дыпламатычных калег, Макаеў можа крыкнуць у мегафон на Кастрычніцкай нешта кшталту “Кабякова ў адстаўку!” ці “Жыве Беларусь!”. Ён гаворыць, што, каб так рабілі ўсе іпэшнікі, трэба шмат працаваць:

“Каб кансалідаваць прадпрымальнікаў на Плошчу, на абарону сваіх правоў, трэба шмат рабіць. Гэта цяжка ў любых умовах. А ва ўмовах таталітарнай дзяржавы — яшчэ цяжэй. І Плошча таксама не гарантуе поспеху з такой колькасцю людзей. Мы можам толькі ўладу трэсці. Каб арганізаваць Плошчу, патрэбная поўная мабілізацыя прадпрымальнікаў”.

Акурат для гэтага Макаеў ездзіць у рэгіёны па дробных рынках. Ён гаворыць, што на раз’яднанасць іпэшнікаў старанна працуюць і спецслужбы. У прыватнасці, КДБ. Маўляў улады вельмі не хочуць, каб дробныя прадпрымальнікі выступілі адным фронтам.

З іншага боку. Алесь Макаеў перакананы, што рана ці позна кансалідацыя павінная адбыцца, бо глыбокіх рознагалоссяў паміж лідарамі няма. А дробныя можна лёгка вырашыць за сталом перамоваў:

“Кансалідацыя прадпрымальнікаў, я веру, будзе. Я за тое, каб лідары прадпрымальніцкіх структур не сварыліся паміж сабой. Бо галоўнае, аб чым яны гавораць і што робяць, — гэта абарона правоў прадпрымальнікаў. А ў гэтым у нас разыходжанняў ніякіх амаль што і няма. Калі ёсць нейкія тактычныя пытанні, які закон трэба мяняць, то гэта ўсё вырашаецца простымі перамовамі”. Праўда, Макаеў не гаворыць, чаму гэтага пакуль не адбылося.

“Аб’яднанню іпэшнікаў замінае КДБ”

Лябедзька: Мы не выкарыстоўваем прадпрымальнікаў у сваіх мэтах

Самым актыўным апазіцыянерам на мітынгах і сходах прадпрымальнікаў з’яўляецца лідар АГП Анатоль Лябедзька. Яго можна ўбачыць у натоўпе іпэшнікаў на Кастрычніцкай плошчы, куды Лябедзька прыходзіць з мегафонам і актыўна прамаўляе. Ён жа адносіў зварот да Лукашэнкі з 11 патрабаваннямі прадпрымальнікаў. На зададзенае наўпрост пытанне, ці не выкарыстоўвае АГП прадпрымальнікаў у сваіх мэтах, Лябедзька крыху крыўдуе. Гаворыць, што адным з пунктаў праграмы АГП з’яўляецца падтрымка дробнага бізнесу і стварэнне сярэдняга класа ў краіне. А выступленні іпэшнікаў яго партыя падтрымлівае яшчэ з 90-х. У тым, што прадпрымальнікі пачалі разам з ім крычаць “Жыве Беларусь”, Лябедзька бачыць толькі плюс.

“Мы яшчэ ў мінулым годзе заявілі, што нам неабходны палітычны саюз з прадпрымальнікамі. Іншая справа, што самі прадпрымальнікі, якія прывыклі выжываць у складаных беларускіх эканамічных умовах, былі на дыстанцыі ад палітыкі. Але за апошнія тры месяцы іх заявы, іх рыторыка моцна змяніліся”, — гаворыць апазіцыянер.

Як будуць развівацца пратэсты прадпрымальнікаў (і ці будуць увогуле), можна толькі здагадвацца. Альбо назіраць. Найбліжэйшы мітынг — ужо ў нядзелю, 28 лютага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі