“Абы чаго не выйшла” і ратаванне даносчыкаў: чаму ўлады хаваюць архівы СССР

Адкрыццё звестак пра рэпрэсіі ў гады СССР — гэта не тое, што прынясе ў краіну дэмакратыю, лічыць гісторык Аляксандр Пашкевіч. Але пакуль яны схаваныя, уладзе прасцей капіяваць метады кіравання “ідэальнай краіны”.

BYPOL абяцаў апублікаваць алічбаваны архіў КДБ аб рэпрэсаваных у БССР. Еўрарадыё паразважала з экспертам, як рассакрэчванне архіва паўплывае на беларусаў і чаму ўлады дасюль хочуць хаваць праўду пра рэпрэсіі ў СССР.
 

Прыхоўванне кепскіх момантаў — інерцыя савецкага часу

Для эксперта архіў, які атрымаў BYPOL, рэч ужо больш-менш вядомая. Гэта база са звесткамі: хто, калі і за што быў рэпрэсаваны. Яны захоўваліся не толькі ў КДБ, але і ў Нацыянальным архіве Беларусі. 

Хаця база не была даступная любому ахвотнаму, я, напрыклад, мог праз знаёмых супрацоўнікаў архіва спытацца пра інфармацыю ў гэтай базе, — кажа Аляксандр Пашкевіч.

Яна была створаная на падставе матэрыялаў крымінальных спраў, якія знаходзяцца ў КДБ, але падрабязнасцяў у ёй няма, адзначае суразмоўца. І гэта галоўная праблема.

Гэтага дакладна мы не ўбачым. BYPOL адразу гэта сказаў. Там інфармацыя, якая калі не цалкам, то ў значнай ступені ўжо вядомая. Таму не варта перабольшваць карысць гэтага архіва для навукі і для тых людзей, якія шукаюць там сваякоў.

Курапаты / Еўрарадыё

Былі адкрытыя архівы іншых постсавецкіх краін. Улічваючы, што Беларусь не была выключэннем у складзе СССР, ніякіх асаблівасцяў рэпрэсіі тут не мелі.

Украіна адкрыла адносна нядаўна, але адкрыла. Нават у Расіі ёсць доступ да гэтых дакументаў. Расіяне даследавалі, рабілі грунтоўныя публікацыі. То-бок асноўныя механізмы тэрору, маштабы, як гэта ўсё адбывалася, мы ведаем і без беларускіх матэрыялаў. У нас ёсць ілюзія, што зараз мы адкрыем дакументы КДБ і адразу ўсё-ўсё будзем ведаць і нібыта нейкія лічбы памяняюцца і раптам акажацца, што ўсё было зусім не так. Думаю, гэта наіўныя спадзяванні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.