Абвінавачваны ў згвалтаванні і забойстве дзяўчыны атрымаў 20 гадоў калоніі

1 чэрвеня калегія па крымінальных справах Мінскага абласнога суда агучыла прысуд па справе аб згвалтаванні і забойстве 19-гадовай жыхаркі пасёлка Міханавічы Мінскага раёна Вікторыі Ясель. Абвінавачваны 21-гадовы Кірыл Паборцаў па сукупнасці злачынстваў асуджаны на 20 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Нагадаем, дзяржабвінаваўца запытваў 22 гады пазбаўлення волі.

Суд абавязаў абвінавачванага выплаціць маці загінулай у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральных страт 300 млн рублёў

БелаПАН адзначае, што судовы разгляд па гэтай справе праходзіў у закрытым рэжыме.

Як устанавіла следства, вечарам 20 жніўня ў Мінску дзяўчына выйшла з працы, села ў серабрысты "Мерседэс" і паехала ў невядомым напрамку. У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў была ўстаноўленая асоба кіроўцы, які апошнім бачыў Вікторыю Ясель. Мужчына сказаў аператыўным супрацоўнікам, што падвёз яе да Міханавічаў і пасля гэтага не бачыў.

Пры праверцы паказанняў было ўстаноўлена, што маладыя людзі былі знаёмыя прыкладна тры гады, перапісваліся ў сацыяльных сетках, мелі агульных знаёмых, часам сустракаліся ў кампаніях. Тады ж было вырашана больш дэталёва праверыць паказанні хлопца. Падчас апытання яго знаёмых і сваякоў стала выяўляцца ўсё больш нестыковак у паказаннях. Гэта дало падставы меркаваць, што малады чалавек меў магчымасць учыніць забойства дзяўчыны і пазбавіцца ад цела.

Падчас чарговай размовы праваахоўнікаў з кіроўцам ён прызнаўся, што выпадкова задушыў Вікторыю і, спалохаўшыся ўчыненага, закапаў цела дзяўчыны недалёка ад Мінска.

Абвінавачаны будзе абскарджваць прысуд. Ён прызнаў сваю віну часткова і чыстасардэчна прызнаўся толькі ва ўчыненні забойства па неасцярожнасці. Вядома, што яму 21 год, ён жанаты, мае малалетняе дзіця.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі