Абвінавачаныя ў арганізацыі мітынгу 10 студзеня патрабуюць спыніць пераслед

Абвінавачаныя ў арганізацыі мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 года, - Андрэй Кім, Міхаіл Субач, Аляксандр Чарнышоў, Аляксандр Стральцоў, Павел Вінаградаў, Аляксей Бондар, Аляксандр Барозенка, Уладзімір Сяргееў, Міхаіл Крываў, Арцём Дубскі, Антон Койпіш, Міхаіл Пашкевіч, Таццяна Тышкевіч і непаўнагадовы Максім Дашук – накіравалі заяву ў Генеральную пракуратуру Беларусі, а таксама ў ААН, АБСЕ, Савет Еўропы і Еўрапейскі Саюз. У звароце вядзецца пра ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да начальніка аддзела следчага ўпраўлення ГУУС Мінгарвыканкаму П.Міхалькевіча, які распачаў крымінальную справу супраць названых асобаў, за ігнараванне вяршэнства Канстытуцыі над прэзідэнцкім указам №760. Заяўнікі просяць перакласці выплату матэрыяльнай шкоды, ацэненую ўладамі ў 124 мільёны рублёў, на адказных дзяржчыноўнікаў, якія выконваюць незаконны, на думку заяўнікаў, прэзідэнцкі ўказ № 760. У заяве таксама вядзецца аб прыпыненні крымінальнай справы ў дачыненні да Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча, дзеянні якіх у часе мітынгу прадпрымальнікаў ацэньваюцца як хуліганскія.

Заяўнікі таксама падкрэсліваюць, што свядома ўдзельнічалі ў мірнай акцыі пратэсту, бо падзяляюць патрабаванні прадпрымальнікаў, датычныя 760-га ўказу, які ўводзіць шэраг абмежаванняў, датычных прадпрымальніцкай дзейнасці.