Абвінавачанне патрабуе для журналіста Дзмітрыя Галко 3 гады пазбаўлення волі

Абвінавачанне патрабуе для журналіста Дзмітрыя Галко 3 гады пазбаўлення волі

Дзяржаўная абвінаваўца запатрабавала для журналіста Змітра Галко тры гады пазбаўлення волі. Яго вінавацяць у нападзе на міліцыянта. Сваё патрабаванне пракурор абгрунтавала "з улікам станоўчай характарыстыкі" і таго, што раней Галко не стаяў на ўліку, перадае Радыё "Свабода".

Прадстаўніца пракуратуры Арлоўская лічыць, што віна Галко цалкам даказаная. Па яе словах, Галко брыдкадсловіў на адрас супрацоўнікаў міліцыі, нанёс два ўдары Чыркову ў сківіцу і па галаве, паводзіўся агрэсіўна, парваў форменную вопратку міліцыянту Казаноўскаму. У якасці доказаў віны падсуднага супрацоўніца пракуратуры назвала паказанні пацярпелых і сведкаў, а таксама высновы экспертызы і рэчавыя доказы.

Адвакат журналіста Наталля Мацкевіч заявіла, што артыкул пра напад на міліцыянта пачынае дзейнічаць, калі міліцыянты выконваюць дзейнае заканадаўства. Між тым, па словах адвакаткі, міліцыянты ўварваліся ў кватэру Галко незаконна і таксама незаконна пачалі там відэаздымкі. Яна звярнула ўвагу на тое, што ўчастковы капітан міліцыі Юрый Чыркоў і міліцыянт Вадзім Казаноўскі парушылі і шэраг службовых інструкцый.

Працэс над Змітром Галко пачаўся 10 ліпеня. У сваім апошнім слове ён заявіў, быццам пацярпелы міліцыянт Юрый Чыркоў яго агаварыў, а іншыя міліцыянты-сведкі Вадзім Чыркоў і Людміла Брыдзько падганялі свае паказанні пад яго словы.

Ён падкрэсліў, што крымінальную справу на яго пачалі праз 10 дзён пасля здарэння, калі ён у інтэрнэце падзяліўся акалічнасцямі інцыдэнту. Сваёй віны Галко не прызнаў.

Прысуд будзе абвешчаны 17 ліпеня а 17-й гадзіне.

Як паведамлялася раней, інцыдэн здарыўся ў лістападзе 2017 года ў мінскай кватэры Галко. Калі адзначаўся дзень народзінаў яго сына Яна, нехта з суседзяў нібыта выклікаў міліцыю — з прычыны шуму. Зміцер Галко адчыніў дзверы міліцыі. Тады, як заяўляе следства, у яго адбыўся канфлікт з міліцыянтам, прычым мабільнік міліцыянты быў разбіты. Сам журналіст казаў, што толькі трымаў міліцыянта за руку.

На Галко склалі адміністрацыйны пратакол за "лаянку на вуліцы" і аштрафавалі. Да суда паводле адміністрацыйнага артыкула Галко быў у ізалятары. Пасля суда ён з сынам з'ехаў ва ўкраінскі Марыупаль. 22 красавіка Зміцер Галко вяртаўся ў Мінск і на мяжы яго затрымалі.

Міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" заклікае вызваліць Галко, бо не бачыць ніякіх падставаў, каб ён знаходзіўся ў турме.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі