Абстрэлы і прагнозы — 117-я раніца вайны ва Украіне

Вайна ва Украіне працягваецца ўжо амаль чатыры месяцы /@V_Zelenskiy_official
Вайна ва Украіне працягваецца ўжо амаль чатыры месяцы /@V_Zelenskiy_official

У Севераданецку працягваюцца баі, вакол Лісічанска нанесеныя тры авіяўдары, піша раніцай у панядзелак кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Нагадаем, самыя жорсткія баі цяпер ідуць тут, на Данбасе.

Адзін з авіяўдараў быў па разбураным мосце, які злучае Лісічанск і Севераданецк. Непрыдатныя для перамяшчэння масты расіяне  "рэгулярна абстрэльваюць, дабіваць рэшткі інфраструктуры", адзначыў Гайдай. У Севераданецку пад агонь праціўніка трапіла тэрыторыя завода "Шклапластык" і палігон ратавальнікаў.

Аб начных абстрэлах паведамляе і кіраўнік Днепрапятроўскай вайсковай адміністрацыі Валянцін Рэзнічэнка —пад агнём артылерыі апынуўся Крыварожскі раён. У выніку абстрэлу ў вёсцы Вялікая Кострамка згарэў дом, людзі не пацярпелі.

Расіяне са свайго боку паведамляюць аб абстрэле пасёлка Суземка ў Бранскай вобласці. "Абстрэл быў выраблены ў выніку ўдару ў адказ. Пры гэтым агнявая кропка суперніка была хутка здушаная", піша мясцовы губернатар Аляксандр Багамаз. Пацярпеў адзін чалавек — супрацоўнік РЭС, "у яго лёгкае аскепкавае раненне мяккіх тканін". Пашкоджаныя электрастанцыя і некалькі дамоў, у пасёлку часткова адсутнічае электрычнасць.

Обстрелы и прогнозы — 117-е утро войны в Украине
Пашкоджаны дом у вёсцы Суземка Бранскай вобласці / @avbogomaz

Украіна накіроўвае войскі для ўмацавання абароны Севераданецка, паведамляе ВВС са спасылкай на публікацыю ў New York Times. Дадатковыя падраздзяленні перакінутыя ў раён Ташкоўкі — невялікага гарадка на паўднёвы ўсход ад Севераданецка і Лісічанска, якія расійскія войскі цяпер спрабуюць акружыць. Расіяне тут дабіліся некаторых поспехаў, але іх наступ было стрымана. Калі расійскім сілам удасца адрэзаць Севераданецк і Лісічанск, Крэмль атрымае ваенную перамогу і наблізіцца да мэты прэзідэнта Пуціна — захопу ўсяго паўночна-усходняга Данбаса, піша New York Times.

У расіян у гэтых раёнах няма дастатковай колькасці артылерыі і пяхотных падраздзяленняў, каб забяспечыць наступ у Севераданецку, мяркуюць экспэрты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны. Расійскія войскі спрабуюць заблакаваць трасу Бахмут-Лісічанск для падтрымання сваіх наступальных аперацый у Лісічанску.

Акрамя таго, расіяне працягваюць рыхтавацца да наступу на Славянск з паўднёвага ўсходу ад Ізюма і на захад ад Лімана. Ўмацоўваюць абарончыя пазіцыі на поўдні — уздоўж мяжы Херсонска-Мікалаеўскай вобласці. Тут УСУ ў апошні час правялі некалькі паспяховых контратак. Паспяховыя ўкраінскія контратакі ў раёне Запарожжа вымушаюць расійскія войскі спешна перакідваць падмацавання і на гэты аслаблены ўчастак лініі фронту, таксама адзначаюць у Інстытуце. На поўначы расіяне занятыя ўтрыманнем акупаваных раёнаў Харкаўскай вобласці.

Обстрелы и прогнозы — 117-е утро войны в Украине
Карта баявых дзеянняў па стане на вечар 19 чэрвеня 2022 года / understandingwar.org

Уладзімір Зяленскі чакае ад Расіі на гэтым тыдні "ўзмацнення варожай актыўнасці". Пра гэта ён заявіў у вячэрнім звароце.

"Спецыяльна, паказальна. Менавіта на гэтым тыдні. І не толькі супраць Украіны, але і супраць іншых краін Еўропы. Мы рыхтуемся і мы гатовыя. Папярэджваем партнёраў", — сказаў украінскі прэзідэнт. Паводле яго слоў, "акупанты назапашваюць сілы на Запарожскім кірунку, у Харкаўскай вобласці, зноў абстрэльвалі нашу паліўную інфраструктуру, хочуць пагоршыць сітуацыю з палівам".

Сітуацыю ў Данецкай і Луганскай вобласці, дзе зараз ідуць самыя жорсткія сутыкненні, Зяленскі апісаў так: "Працягваюцца неверагодна жорсткія баі на Данбасе. Расійскае войска ўжывае там больш за ўсё артылерыі, больш за ўсё наступальных сіл", але гарады і пасёлкі – трымаюцца, "людзі такія ў нас — трымаюцца!" — адзначыў ён.

Вайна ў Украіне можа працягнуцца некалькі гадоў, лічыць генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг. "Мы павінны падрыхтавацца да таго, што на гэта могуць сысці гады", заявіў кіраўнік NATO ў інтэрв'ю нямецкай газеце Bild. Ён таксама заклікаў і далей падтрымліваць Украіну, "нават нягледзячы на тое, што цана можа апынуцца высокай — не толькі ваеннай падтрымкі, але і з пункту гледжання коштаў на энергію і прадукты харчавання".

Падобнага пункту гледжання прытрымліваецца і кіраўнік брытанскага ўрада Барыс Джонсан. Па вяртанні з Кіева ён напісала артыкул для Sunday Times. У гэтай публікацыі ён адзначыўшто зыход вайны ва Украіне "будзе залежаць ад таго, ці зможа Украіна павысіць баяздольнасць для абароны сваёй тэрыторыі хутчэй, чым Расія — аднавіць здольнасць да наступу".

"Баюся, што нам прыйдзецца прыгатавацца да доўгай вайны", — піша Джонсан. Пры гэтым варыянт "мір у адказ на саступку часткі тэрыторый" ён лічыць уразлівым, трывалага міру ён не прынясе.

"Мы ведаем, што Пуцін не спыніцца на раздзяленні Украіны" , —  мяркуе брытанскі прэм'ер. Джонсан нагадаў пра нядаўні выступ расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, у якім той заявіў, што займаецца "вяртаннем тэрыторый" і параўнаў сябе з Пятром I.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі