АБСЕ: Мы дагэтуль не ведаем, як Мінск будзе мяняць Выбарчы кодэкс

Выбарчыя змены нашыя ўлады павінны праводзіць сумесна з АБСЕ. Таму яна мусіць атрымаць гатовы праект першай. Аднак у АБСЕ дагэтуль так нічога і не атрымалі Мінск паабяцаў вырашыць справу да канца лета, паведаміў Еўрарадыё супрацоўнік прэс-службы варшаўскага офіса АБСЕ Томас Раймэр:

Томас Раймэр: “У нас няма ніякай інфармацыі. Мы далі свае рэкамендацыі, мы ўдзельнічаем у працэсе, мы дыскутуем, сустракаемся з усімі зацікаўленымі бакамі. І нам паведаміў урад, што папраўкі будуць агучаны яшчэ летам. Больш мы нічога не ведаем”.

А вось намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер лічыць, што папраўкі ў Выбарчы кодэкс улады ўжо даўно падрыхтавалі:

Сяргей Альфер: “Што распрацавана — ведаюць нейкія зацікаўленыя арганізацыі Рэспублікі Беларусь. Зразумела, Адміністрацыя прэзідэнта, Цэнтральная выбарчая камісія, можа яшчэ хто, не ведаю. Але Палата прадстаўнікоў не ведае, туды яшчэ нічога не трапляла”.

Вельмі магчыма, што новы праект не прынясе ніякіх істотных зменаў. Праблема ў тым, што АБСЕ не можа прымусіць беларускія ўлады выканаць свае прапановы. Яна можа толькі параіць, якім чынам змяніць выбарчае заканадаўства. Непасрэдныя змены — гэта выключна беларуская справа, кажуць Еўрарадыё ў варшаўскім офісе АБСЕ:

Супрацоўнік офіса АБСЕ: “Гэта адказнасць саміх беларускіх уладаў — стварыць добрае выбарчае права з улікам нашых рэкамендацый. Мы можам толькі спадзявацца, што гэта будзе зроблена ў кансультацыйнай форме”.

Адзінае, чым яшчэ АБСЕ можа дапамагчы нашай краіне, гэта арганізаваць адкрытую грамадскую дыскусію над праектам, які атрымае ад беларускіх ўладаў. Менавіта такое абяцанне атрымалі Аб’яднаныя дэмсілы на мінулым тыдні, паведаміў Еўрарадыё Сяргей Альфер:

Сяргей Альфер: “Былі запрошаныя прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сіл у Варшаву — Анатоль Лябедзька і Алена Скрыган ездзілі. Там ім паведамілі, што пасля таго, як у АБСЕ паступяць прапановы беларускага ўрада па зменах выбарчага заканадаўства, яны будуць адкрытыя для грамадскасці Беларусі, то бок для абмеркавання грамадзянскай супольнасцю”.

Падчас візіту ў Варшаву прадстаўнікі апазіцыі атрымалі таксама і 7 прынцыпаў выбарчых зменаў, якія АБСЕ раней перадала беларускім уладам. У варшаўскім офісе арганізацыі Еўрарадыё запэўнілі, што ўсе прапановы абапіраюцца на справаздачы з мінулагодніх парламенцкіх выбараў у Беларусі:

Томас Раймэр: “Яны ў 7 агульных сферах. Яны былі зробленыя для заканадаўчых органаў, якія гэтым займаюцца. Да беларускіх уладаў трапілі рэкамендацыі, якія былі зроблены на падставе справаздачы АБСЕ з мінулагодніх парламенцкіх выбараў, нічога новага там няма”.

Нагадаем, АБСЕ прапанавала ўнесці змены ў наступных сферах: выбарчы працэс, праца выбарчых камісій, працэдура рэгістрацыі кандыдатаў, рэгістрацыя выбарцаў, СМІ, перадвыбарчая агітацыя, галасаванне, падлік галасоў, абвяшчэнне вынікаў.

Як справіцца з хатнім заданнем Беларусь — паглядзім праз месяц.


Ілюстрацыя anekdot.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі