Вы тут

Абліў ДАІшніка бензінам, міліцыя ў адказ адкрыла стральбу — справа расследаваная

Кампанію ўдалося затрымаць толькі пасля таго, як кіроўца не справіўся з кіраваннем і з'ехаў на ўзбочыну / sk.gov.by​

Гісторыя з пагоняй, стральбой і пагрозамі спаліць супрацоўніка ДАІ адбылася ў жніўні ў Магілёўскай вобласці, паведамляюць у рэгіянальным упраўленні Следчага камітэта. 

Гісторыя пачалася ў гарадскім пасёлку Краснаполле з праверкі дакументаў. У кіроўцы аўтамабіля VW Passat не аказалася правоў. Ён разам са знаёмымі паспрабаваў збегчы, ДАІ пачала пераслед. Кіроўца разганяўся да 150 км/г, выязджаў на паласу сустрэчнага руху, распавядаюць ва УСК Магілёўскай вобласці, і да таго ж "некалькі разоў дэманстраваў у акно абразлівыя жэсты". Пасажыры тым часам кідалі ў машыну ДАІ бутэлькі.

У нейкі момант кіроўца не справіўся з кіраваннем і з'ехаў на ўзбочыну. Супрацоўнікі ДАІ паспрабавалі затрымаць кампанію — кіроўцу і трох пасажыраў, двух мужчын і адну маладую жанчыну.

Але кіроўца Passat дастаў з багажніка каністру з бензінам, абліў аўтамабіль ДАІ і паспрабаваў яго падпаліць. Яго адагналі. Тады ён "абліў бензінам аднаго з супрацоўнікаў ДАІ і, утрымліваючы ў руцэ запаленую запальнічку ў непасрэднай блізкасці ад пацярпелага, выказваў пагрозы спалення жыўцом". Акрамя таго, сцвярджаюць у СК, мужчына яшчэ спрабаваў адабраць у супрацоўніка міліцыі пісталет.

Пасля папераджальных стрэлаў "адзін з міліцыянераў зрабіў два прыцэльныя стрэлы па нагах абвінавачаных".

Паведамляецца, што ў крыві кіроўцы VW Passat было 2,45 праміле алкаголю. Кіроўцу і двум пасажырам былі выстаўленыя абвінавачванні па цэлым шэрагу артыкулаў КК. Мужчын да суду пакінулі пад вартай, жанчына знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Сваю віну абвінавачаныя прызналі часткова. Расследаванне гэтай справы завершанае, матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд, удакладнілі ва УСК.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.