Абітурыент Міша: “Я вырашыў напалохаць усіх сваім высокім балам – 327!”

У першы дзень дакументы падаюць самыя ўпэўненыя ў сабе абітурыенты. Прыёмныя камісіі падпісалі паперу аб нераспаўсюджванні даных. Холы універсітэтаў у першы дзень былі паўпустымі, чэргаў амаль не было. На аркушах з колькасцю паступаючых на кожны факультэт – адзінкі і нулі. Большасць абітурыентаў чакаюць хаця б нейкай інфармацыі, каб з’арыентавацца, куды ім ісці. Меншасць у гэты час “задае ўзровень”. Гэта тыя, хто не вельмі баіцца канкурэнцыі, бо мае высокі бал. Вось што яны адказалі Еўрарадыё на пытанне, чаму прыйшлі ў першы дзень.

Абітурыент Міша (БДУІР): “Я вырашыў напалохаць сваім балам іншых абітурыентаў, бо ў мяне вельмі высокі. Вырашыў прыйсці першым і паказаць яго, каб ніхто больш сюды не падаваў! Мой бал 327: 61 па фізіцы, 87 па матэматыцы, 88 па беларускай мове, а атэстат – 91. Таму я паступаю на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак, спецыяльнасць – праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”.

Міша кажа, што яго выбар вырашыла тэставанне, бо ён збіраўся паступаць не на такі прэстыжны факультэт. Але нечакана для сябе набраў такія высокія балы, што цяпер сабраўся ўсіх палохаць. У мінулым годзе прахадны бал на яго спецыяльнасць быў 318, то бок у яго “ў запасе” 9 балаў.

Другая прычына падаць дакументы ў першы ж дзень – не хвалявацца. Зрабіць – і чакаць развіцця падзей.

Абітурыентка Каця (БДЭУ): “Каб сядзець ля камп’ютара і сачыць, як я праходжу. Каб не хвалявацца, не лётаць у апошні дзень і не шукаць, куды мяне возьмуць. У мінулым годзе сюды быў прахадны бал 245, а ў мяне – 253. Спадзяюся, ён настолькі не падымецца. А ўвогуле, я нават не збіралася паступаць у дзяржаўную ВНУ, так баялася ўсяго, адна плынь… Я збіралася ў камерцыйную ВНУ. Але потым здала нармальна тэставанне і вырашыла ў “наргас”.

Каця кажа, што калі раптам у гэтым годзе прахадны бал на факультэт эканомікі і кіравання турызмам, куды яна паступае, вельмі падскочыць, то яна перадасць дакументы на факультэт эканомікі і менеджменту, куды дакладна паступіць са сваімі баламі.

Ёсць яшчэ адна група абітурыентаў, якія ведаюць, што яны дакладна паступілі. Гэта людзі, якія маюць ільготы.

Вадзім і Ігар (БДУ): “Мы на льготных умовах, бо скончылі сувораўскую вучэльню. Нам на “тройкі” здаць, і ўсё”.

А вось з прадстаўнікамі прыёмнай камісіі пагаварыць аказалася складаней, бо яны падпісвалі нейкую паперу аб нераспаўсюджванні звестак. І на любое пытанне ў іх нараджалася сваё пытанне: а ці не распаўсюд гэта даных? Еўрарадыё ўсё ж пагутарыла з прыёмнай камісіяй, і тэорыя наконт таго, што першымі падаюць дакументы самыя паспяховыя вучні, пацвердзілася.

Вольга (прыёмная камісія БДУ)
: “Напрыклад, у мяне сёння было шмат абітурыентаў, якія паступалі на прэстыжныя факультэты БДУ, як міжнародныя адносіны, юрыдычны факультэт… У асноўным, канешне, з вельмі добрым атэстатам – 9,0–9,2 балы. І з вялікімі ці сярэднімі баламі ў сертыфікатах. Карацей, гэта ўпэўненыя ў сабе абітурыенты”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі